Выратавальнікі дапамогуць тым, хто перажывае псіхалагічны крызіс



Гарадзенскія валанцёры, што займаюцца пошукам людзей, стварылі групы псіхалагічнай падтрымкі для тых, хто перажывае расстанне, ці змагаецца з праблемамі ў сям’і. Групы створаны пры падтрымцы дзіцячага клуба „Лета”  і гарадзенскіх выратавальнікаў з валанцёрскай арганізацыі «ЦентрСпас».

Для каго створаны такія групы псіхалагічнай дапамогі распавядае камандзір пошукавай групы «ЦентрСпас» Яраслаў Струцінскі:

— Гэта могуць быць праблемы з бацькамі, з сужонкамі, бо бываюць такія сітуацыі, калі муж надта аўтарытарны і аказвае псіхалагічны ціск, або нават можа падняць руку на сваю жонку. Мы думалі, што мы будзем працаваць толькі з ахвярамі, але здаралася і такое, што прыходзілі людзі і казалі: я тыран, дапамажыце мне, бо я бачу, што мая сям’я пакутуе. Ён гэта ўсведамляе і яму патрэбная дапамога. Такім людзям мы таксама дапамагаем.

Групы ўжо распачалі працу і будуць працаваць штонядзелю з 18.00 да 20.00 па адрасе вул. Баторыя 8б (памяшканне дзіцячага клуба „Лета”). Апроч псіхалагічнай дапамогі гарадзенскія валанцёры з «ЦэнтрСпаса» з канца студзеня пачалі займацца пошукам згубленых жывёлаў.

Беларускае Радыё Рацыя