Wi-Fi у таксі толькі праз Мінабароны



Тыдзень таму ў Менску і абласных цэнтрах з’явіліся аўтобусы і маршруткі з бясплатным wi-fi. Праект запусціла беларускае падраздзяленне замежнай кампаніі пры падтрымцы сотавага аператара life :). У Менску абсталяванне ўсталявалі на дзесяці маршрутках, у абласных гарадах бясплатным інтэрнэтам забяспечылі па два гарадскіх аўтобуса, піша kp.by.

Раней дзяржінспекцыя па электрасувязі Беларусі вырашыла, што такое абсталяванне па-за законам: ўсталёўваць абаненцкую апаратуру для wi-fi без дазволу БелДІЭ можна толькі ўнутры будынкаў і збудаванняў. А аўтобусы і маршруткі такімі не з’яўляюцца.

Для гэтага варта атрымліваць дазвол у БелДІЭ і ўзгадняць з Міністэрствам абароны.

„Ні нашы юрысты, ні юрысты нашых партнёраў пра нейкія дакументы, якія рэгулююць такія выпадкі да гэтага не ведалі”, – распавяла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю сотавага аператара life 🙂 Наталля Радзівілка. – Пакуль незразумелая нават працэдура ўзгаднення, нашы юрысты цяпер працуюць над гэтым пытаннем. Але магу сказаць дакладна: праект мы працягнем.

Пасля заявы БелДІЭ часова выключылі абсталяванне ў Гародзенскім аўтобусным парку і і ў некалькіх гомельскіх аўтобусах.

Пад раздачу патрапіў не толькі грамадскі транспарт, але і аўтамабілі таксі.

„У многіх машынах у нас стаялі бесправадныя мадэмы, якія раздавалі бясплатны інтэрнэт, – распавялі ў аддзеле маркетынгу службы таксі „Сталіца”. – Але цяпер абсталяванне адключылі. Што рабіць далей, пакуль не ясна”.

Аналагічная сітуацыя, па дадзеных газеты, і ў іншых службах таксі.