“Яблычны фэст” у Алашках



Чуткі, што “Яблычны фэст” у Алашках Шаркоўшчынскага раёна будзе амаль поўнасцю зрусізаваны і адбудзецца апошні год, не пацвердзіліся. У гэтым годзе ён прайшоў яшчэ з большым размахам, нават можна сказаць, што выйшаў на міжнародны ровень. У Алашкі прыехалі госці з Кітая, Літвы, Расеі. Расейскай мовай падчас свята карысталіся ў асноўным пры размове з замежнікамі, а на беларускай мове загаварылі нават мясцовыя ідэолагі ды іншыя чыноўнікі.

Кажуць удзельнікі фэсту:

Язэп Квач, вёска Жукоўшчына. У нас ёсць такі па справах моладзі Іваноў. Я ад яго ніколі беларускага слова не чуў, а зараз паслухайце яго – чыста па-беларуску гаворыць. Я яму руку паціснуў і падзякаваў, на што ён адказаў, што, магчыма, па маім прыкладзе гэта робіць.

– Кузьміч Ірына – мастацкі кіраўнік Варапаеўскага дома культуры. Гледзячы на тое, колькі тут гасцей – а ёсць сярод іх і замежныя госці, якім цікава тут, – гэта свята будзе жыць і не адзін год. І я спадзяюся, што і мае ўнукі прыйдуць на гэтае свята. Хочацца яго захаваць, бо гэта вельмі цудоўна бачыць усіх людзей, якія захапляюцца садаводствам.

«Яблычны фэст» у Алашках праходзіць у гонар вядомага тутэйшага садавода-селекцыянера Івана Сікоры. Ён больш чым за пяцьдзясят год, прысвечаных садаводству, вывеў каля 500 гатункаў яблынь, каля 100 – груш, а таксама гатункі сліў, бэзу, руж і іншых раслін.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі