Як адзначылі Дзень Перамогі ў Глыбокім?



Святкаванне Дня Перамогі ў Глыбокім пачалося па традыцыі ў парку Перамогі, дзе адбыўся  мітынг з ускладаннем вянкоў і кветак да брацкай магілы.  Затым, як звычайна, на цэнтральнай плошчы горада  адбыліся канцэрты з удзелам  самадзейных  калектываў.

Але ў гэтым годзе святоная праграма адзначылася большай колькасцю беларускіх песень і танцаў, якія выканалі народныя калектывы “Цярэшка”, “Крынічанька” і ансамбль народнага танца “Радасць”. А таксама гледачоў парадаваў тэатр моды “Аліса” Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна, які паказаў моду 40-х гадоў з элементамі тэатралізацыі.

Па словах удзельніцы тэатра моды Кацярыны Курдо, да паказу яны рыхтаваліся старанна, для гэтага ім давялося перагледзіць шафы бабуль і разам са сваім кіраўніком Аксанай Шпакавай аздобіць іх адпаведнымі аксэсуарамі.

– Хтосьці знаходзіў у сябе дома, у бабуль і дзядуль, а хтосьці і сам шыў. У гэтым нам дапамагала настаўніца. Яна паказвала касцюмы і падказвала, які нам больш будзе пасаваць, дзе штосьці трэба прыбраць, а дзе дадаць.

У межах свята, акрамя канцэртаў, у Глыбокім адбыліся кінамарафон, выступ харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама працавалі тэматычныя пляцоўкі “Ваенна-палявая пошта” і „Курс маладога байца”. Свята завершылася дыскатэкай  і феерверкам.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі