Як катавалі беларусаў…



Даследуючы творчасць заходнебеларускіх літаратараў, у прыватнасці малавядомага паэта Нікіфара Жальбы (Аляксандра Бяленкі, 1898-1991), знайшоў у яго хрэстаматыйныя радкі, якія былі напісаны паэтам і апублікаваны ў 1937 годзе ў віленскім часопісе “Шлях моладзі”. Дзятлаўскі паэт тады пісаў:

Хай цвёрдую ў сэрцы надзею

Нясуць перамогі над злом.

Нас выбіць ніхто не здалее

Турмою, жалезам, агнём!..

Паэт найперш меў рацыю ў тым, што беларусаў у ХХ стагоддзі знішчалі і турмою, і жалезам, і агнём. Асабліва моцна, жорстка і страшна катавалі ў ХХ стагоддзі беларускіх палітыкаў, літаратараў, святароў, людзей культуры і навукі.

0

Актыўны дзеяч у Заходняй Беларусі, арганізатар гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце, адказны рэдактар беларускай газеты «Наша праўда», удзельнік Другой сусветнай вайны, педагог, вязень польскіх і савецкіх лагераў Серафім Татарын (1903-1988) пры жыцці часта ўспамінаў, як у 1936 годзе, за  тыдзень да вяселля, яго палякі арыштавалі трэці раз. Арыштавалі і пасадзілі ў Картуз-Бярозаўскі канцлагер, дзе рэжым быў надзвычай жорсткі. “Аднойчы, — часта ўспамінаў Серафім Лук’янавіч, — упрэглі мяне з двума палітзняволенымі замест коней у барану. Шляя, якую адзелі на нас, была з дроту, які балюча ўпіваўся ў цела. Пот, слёзы крыўды і нянавісці засцілалі вочы…”. Але Серафім Татарын выжыў, хаця потым прайшоў і сталінскія лагеры.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У 1920-х гадах на Слонімшчыне жылі паэты і грамадскія актывісты Леанід Клён (Леанід Бялькевіч, 1910-1931) і Уладзімір Бялько (1911-1933). Хлопцы выдавалі розныя беларускія пракламацыі, патрабавалі беларускіх школаў, што не падабалася польскай уладзе, пісалі вершы. Спачатку арыштавалі Леаніда Клёна, яго прывезлі ў Міжэвіцкі пастарунак паліцыі, а потым у Слонімскую дэфензіву. Там юнака моцна катавалі. Паліцыянты стараліся біць Леаніда так, каб яму моцна балела і нідзе не было відаць знакаў катаванняў. Яму клалі на грудзі дошку і па дошцы білі цяжкай жалезнай гірай. Вязень кашляў кроўю, а вонкавых прыкметаў пабояў не было бачна. А пасля выпусцілі дамоў, дзе ён хутка памёр.

Пазней дэфензіўшчыкі так зрабілі і з другім слонімскім юнаком-змагаром за беларускасць Уладзімірам Бялько (1911-1933). Ён выдаваў падпольную газету “Піянер”, пісаў вершы. Юнака з вёскі Мяльканавічы таксама катавалі падобным чынам у турме, а потым адправілі дамоў, дзе і ён хутка і памёр.

У 1920 годзе ў польскай турме сядзеў беларускі празаік і літаратуразнавец Адам Бабарэка (1899-1938). У 1920-х гадах у БССР ён быў адным з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Аднойчы ў лазні яго сябра па пяру Максім Лужанін убачыў на спіне Адама выразаную зорку. “Гэта мяне так катавалі ў польскай турме”, – сказаў Адам.

А вось са сталінскіх лагераў Адам Бабарэка вярнуцца не змог. Ён памёр у лагернай бальніцы ў кастрычніку 1938 года.

Вялікдзень 1946 года беларускі святар Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць,1901-1946) сустрэў у сталінскіх лагерах вітаннем сваіх братоў па лагеры: “Хрыстос Уваскрос!..” — “Сапраўды ўваскрос!” — адказвалі зэкі. Пачуўшы гэтыя святыя словы, лагернае начальства пачало лютаваць. Яно схапіла Рамана Шахмуця і кінула яго ў карцар, дзе знаходзілася па пояс ледзяная вада. А потым прывязалі рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Так загінуў архімандрыт Серафім Жыровіцкі ў сакавіка 1946 года.

Аднаго з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтыка і практыка беларускага ўніяцтва Фабіяна Абрантовіча (1884-1946) супрацоўнікі НКУС катавалі вельмі страшна. Архімандрыта абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Японіі. Язэп Германовіч пісаў, што да Фабіяна Абрантовіча бальшавікі прымянялі найвышэйшыя “нумары сваёй інквізіцыі”: заганялі іголкі пад пазногці, улівалі ваду ў лёгкія. Другі сведка Я.Бяляўскі прыгадваў, што Фабіяна Абрантовіча пастаянна катавалі, ён быў у непрытомнасці. Яму не дазвалялі спаць і адпачываць днём – з 9 гадзін вечара да 5 гадзін вялі допыты. Святара ў камеру кідалі, як які мяшок. Білі гумовымі дубінамі, ставілі на яго табурэткі і скакалі. Твар святара быў непазнавальны, вопратка была парваная, а барада – уся ў крыві.

Звесткі пра нечалавечыя адносіны да беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка  і каталіцкага святара Адама Станкевіча (1892-1949) вынес на волю адзін з яго сулагернікаў. Адама Станкевіча проста задушылі, а каб на сто працэнтаў упэўніцца, што ён нежывы, і каб яго не пазналі іншыя, – твар разбілі кувалдай. Пахаваны айцец Адам у Тайшэцкім раёне Іркуцкай вобласці (Расія).

Яшчэ адзін беларускі каталіцкі святар, душпастыр і педагог Андрэй Цікота (1891-1852) беспадстаўна быў абвінавачаны за шпіянаж на карысць Японіі і Ватыкану. З чэрвеня 1951 года ён адбываў пакаранне ў Тайшэце. Увесь гэты час святар быў цяжка хворы, а перад смерцю, паводле ўспамінаў іншых зняволеных, яго поўнасцю пазбавілі медыцынскай дапамогі.

Праваслаўны святар, царкоўны дзеяч, мітрапаліт Мельхіседэк (Міхаіл Паеўскі, 1878-1931) таксама зведаў сібірскія маразы. Ён, хворы на сухоты, карміў свіней і выкідаў з хлявоў гной. І загадкава, раптоўна памёр падчас службы ў маскоўскім Дарагамілаўскім саборы.           

Трагічна ў сталінскіх лагерах расправіліся з беларускім драматургам і паэтам Васілём Шашалевічам (1897-1941). У лагерах для аматарскага тэатра ён напісаў п’есу на тэму лагернага жыцця, пастаўленую зняволенымі ў сталовай. Змест п’есы не спадабаўся лагернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён праз непрацаздольнасць быў улікоўцам. Там на Васіля Шашалевіча наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча. Пасля распілавання дрэва, моцна абгарэлага і пакалечанага, Васіля Шашалевіча перавезлі ў зону. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка аж выцяклі вочы… Памёр ён у санітарнай часці.

Пасля некалькіх візітаў на допыты ў НКУС  псіхічна захварэў таленавіты паэт Віктар Казлоўскі (1905-1975). Нават санітары ў псіхіятрычнай лякарні здавалася яму чэкістамі. Манія пераследу не пакідала яго да канца жыцця. Пасля 1936 года ён не напісаў ніводнага радка, хаця ў 1932 годзе выдаў два зборнікі цудоўных вершаў “Слова аб юнай краіне” і “Музыка працы”, а таксама выдатную паэму “Рахіль”.

Пра смерць грамадскага дзеяча і паэта, аўтара гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова (1891-1939) , як піша гісторык Уладзімір Арлоў, даведаліся яго землякі з вёскі Баброўня Гарадзенскага раёна ад аднаго чалавека. Гэты чалавек неяк завітаў да землякоў Краўцова і расказаў, што разам з ім сядзеў у турме ў Беластоку. Ён распавёў вяскоўцам, што Макара страшна катавалі на допытах і гэтых катаванняў ён не вытрымаў.

Некалькі разоў арыштоўваўся беларускі прафесар кінамастацтва, паэт і крытык Паўлюк Шукайла (1904-1939) органамі НКУС. Яго моцна і здзекліва білі, а потым выпусцілі на волю ўжо інвалідам са зламаным хрыбетнікам. Трэці раз арыштавалі, як бамжа, і расстралялі.

Трагічна скончылася жыццё і паэта Уладзіміра Хадыкі (1905-1942). У адным з лагераў у каменалоўлі, дзе ён працаваў як катаржанін, яго прыдушыла каменная глыба…

Гэты спіс закатаваных беларусаў і тых, каго катавалі ў ХХ стагоддзі, можна працягваць бясконца. Прыйдзе час і мы даведаемся пра многіх катаў нашага народа. А сёння пакуль толькі прыгадваюцца радкі Уладзіміра Жылкі:

І туга мая – з ветрам у полі,

Мая смага – гаючай крыніцы:

Няхай будзе і праўда, і воля,

Твая воля на роднай зямліцы!

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

  1. Леанід Клён
  2. Адам Бабарэка
  3. Серафім Жыровіцкі
  4. Фабіян абрантовіч
  5. Адам Станкевіч
  6. Андрэй Цікота
  7. Мельхіседэк
  8. Васіль Шашалевіч
  9. Віктар Казлоўскі
  10. Макар Краўцоў
  11. Паўлюк Шукайла
  12. Уладзімір Хадыка