Як супрацьстаяць дэкрэту аб „дармаедстве”?



У офісе прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці ў Менску сабраліся актывісты, праваабаронцы і юрысты з усіх рэгіёнаў Беларусі, каб абмеркаваць як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці могуць супрацьстаяць нормам сумнавядомага дэкрэта аб „дармаедстве”.

prafsauzy_f

„Сустрэчу арганізавалі найперш для таго, каб выпрацаваць механізм дапамогі людзям. Важна стварыць таксама механізм дзеяння для юрыстаў,” – адзначае старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч:

– Народ да канца не ўсвядоміў, што гэта можа датычыць кожнага, і таго, хто нават сёння працуе. Заўтра кантракт скончыцца, і ты таксама пападзеш пад гэты дэкрэт. Дзяржава не зрабіла канкрэтных крокаў для стварэння ўмоў, каб людзі маглі працаваць у сябе ў Беларусі і атрымоўваць заробак, якога не толькі хапіла б заплаціць падаткі і харчавацца, а і годна жыць.

На сустрэчы прысутнічалі і людзі, якіх непасрэдна закранае дэкрэт, сярод іх – фрылансеры, рэжысёры і хатнія гаспадыні. Многія з прысутных заклікалі да салідарных дзеянняў у адмену дэкрэта нумар тры.

Беларускае Радыё Рацыя