Як жылі ў Заходняй і Усходняй Беларусі?



Аляксей Кайрыс распавёў гарадзенцам пра розніцу ў жыцці Заходняй і Усходняй Беларусі да 1939 года. Гэта адбылося падчас так званага „Гістарычнага аўторка” ў гарадзенскай краме „Ц”. У час сваіх падарожжаў, што адбываліся пры дапамозе „Беларускага архіва вуснай гісторыі”, малады гісторык сабраў вялікую колькасць успамінаў, прыклады якіх прыводзіліся на сустрэчы.

–  Зараз мы маем унікальную магчымасць даследаваць Заходнюю і Усходнюю Беларусь, бо яшчэ ёсць сведкі. Хоць гэта і суб’ектыўная гісторыя, але мы можам даведацца, як жылі звычайныя людзі. І параўнаць гэтыя ўспаміны. Нават падчас экспедыцыі было відавочна, што людзям з Усходняй Беларусі было значна цяжэй, чым людзям з Заходняй.

Апроч самога расповяду, які быў ілюстраваны слайдамі і архіўнымі здымкамі, прысутныя змаглі паглядзець невялічкі фільм пра тое, як адбываліся экспедыцыі на Віцебшчыне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня