Як жыць у небяспечным доме?



Жыхары дома па вуліцы Маркса ў Гародні баяцца начаваць у сваіх кватэрах. Са сценаў кватэраў падае цэгла, праз дзіркі ў сценах падчас дажджу льецца вада. У будынку на пачатку года “Гроднагарбуд” пачаў рамонт, аднак жыхары гэтага дома не бачаць гэтага капітальнага рамонту ў сваіх кватэрах.  Пра стан свайго жытла распавядае пенсіянерка спадарыня Генавэфа, што жыве тут большую палову свайго жыцця:

– Атрымліваецца, што ідзе капрамонт, але нічога нідзе не робіцца. Вокны 100-гадовыя так і пакідаюць. Столь прагніла. Гэта каб у такіх умовах жыць – жах проста! Я ў гэтай кватэры баюся спаць. Сказалі, што трэба зарабіць акно. Ну, калі трэба, рабіце. Але ж сумленна, як гэта павінна быць: здыміце раму, закладзіце цэглай, каб сцяна была моцная, не развалілася.

Акно ў кватэры пенсіянеркі заклалі згодна з планам рэканструкцыі будынка, аднак каля акна засталіся шчыліны ў сценах. Жыхары аварыйнага будынка спадзяюцца, што вырашыць іх праблемы дапамогуць толькі публікацыі ў СМІ, бо неаднаразовыя звароты ў гарадзенскую ЖКГ не прынеслі ніякага плёну.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня