Як змагацца з міліцэйскім гвалтам? (абноўлена)



Апошнім часам у Беларусі ўсё часцей набываюць розгаласы сітуацыі, калі людзей збіваюць і катуюць супрацоўнікі міліцыі. Што рабіць чалавеку, які стаў ахвярай міліцэйскага самавольства? Ці ёсць нейкія шанцы калі не пакараць вінаватых, то хоць звярнуць на праблему ўвагу грамадства?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў са Зміцерам Салаўёвым, прадстаўніком беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Зміцер Салаўёў: Вядома ж, так. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі рэгіянальных філіялаў “Вясны”, мы маем прыёмныя і аказваем дапамогу. Такой дапамогай цяпер займаюцца ўсе праваабарончыя арганізацыі. То бок, каб і міліцыянты, і прадстаўнікі іншых сілавых структураў не ўжывалі неправамоцна сілу супраць затрыманых. Але ж магчымасці. Але ж праблема сур’ёзная, праца “Вясной” робіцца і будзе рабіцца надалей.

РР: Але ж практыка паказвае, што каэфіцыэнт карыснага дзеяння пасля звяртання міліцэйскіх ахвяр у праваабарончыя структуры невялікі. Да таго ж, шмат хто проста баіцца звяртацца да праваабаронцаў! Вось тыповыя матывацыі: “пасля звароту да праваабаронцаў мяне выганяць з вучобы”, “са мною не адновяць кантракт на працы”… Такое асабліва характэрна для малых гарадоў.

Зміцер Салаўёў: Я не пагаджуся з тым, што каэфіцыэнт карыснага дзеяння мінімальны. Калі б не было праваабарончых арганізацый, то наступствы былі б яшчэ больш жорсткімі. Як паказвае наша практыка, менавіта праца праваабарончых арганізацый дапамагае зменшыць узровень жорсткасці да ўдзельнікаў тых жа мітынгаў. Мы праводзім маніторынг масавых мерапрыемстваў па ўсёй Беларусі. І калі мы там прысутнічаем, калі потым пішам скаргі на незаконныя дзеянні міліцыі, то праваахоўнікі паводзяць сябе больш абачліва і затрыманні ўжо не такія жорсткія, як маглі быць… Мы ніводны выпадак збіцця людзей не пакідаем па-за ўвагай, усе скаргі мы намагаемся давесці праз суды да Камітэта правоў чалавека, калі гэта немагчыма зрабіць на ніжэйшым узроўні.

РР: У бліжэйшы час у ЕЗ будзе разглядацца пытанне, каб з беларускіх чыноўнікаў, датычных да парушэння правоў чалавека, знялі санкцыі. Ці варта, на ваш погляд, гэта рабіць? Ці палепшылася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі?

Зміцер Салаўёў: На мой погляд, не варта спяшацца здымаць тыя санкцыі. Стратэгічна паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў нас няма. Напрыклад, у Беларусі немагчыма правесці масавыя мерапрыемствы. Асабліва гэта тычыцца рэгіёнаў. Тыя акцыі, якія нават дазваляюцца, праходзяць у нязручных месцах, недзе на ўскраінах, ледзьве не ў лесе, дзе людзі не ходзяць. І такая сітуацыя характэрная для большасці беларускіх гарадоў. Робіцца гэта для таго, каб ніхто тыя пратэстныя акцыі не бачыў. Акрамя таго, ёсць практыка, калі арганізатараў такіх пратэстных акцый прымушаюць падпісваць дамовы з міліцыяй, з установамі аховы здароўя, наймаць “хуткую дапамогу”…

РР: Але ж і міліцыя, і медычная служба – бюджэтныя арганізацыі, якія існуюць на нашы з вамі падаткі…

Зміцер Салаўёў: Менавіта! Тым больш, што такія службы на пратэстных акцыях збольшага непатрэбныя. Безумоўна, мы будзем судзіцца, будзем уздымаць кампаніі супраць таго, каб людзей адсылалі на нейкія “сабачыя пляцоўкі”. І гэта няправільна, гэта супярэчыць нават таму заканадаўству, якое існуе!

Беларускі праваабарончы цэнтр “Вясна” быў створаны яшчэ 1998 годзе, але ў кастрычніку 2003 года зліквідаваны рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, і таму дзейнічае напаўлегальна. І беларускія, і міжнародныя эксперты мяркуюць, што “Вясна” з’яўляецца ці не самай эфектыўнай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Неаднойчы атрымлівалі шырокі розгалас факты злоўжывання супрацоўнікамі праваахоўных органаў сваіх службовых паўнамоцтваў, калі пры затрыманні ці дастаўцы ў аддзяленне міліцыі грамадзян збівалі, прыніжалі, здзекваліся, застаючыся беспакараннымі. Гэта тычылася і грамадскіх актывістаў, і журналістаў, пры выкананні імі прафесійнага абавязку, і мірных грамадзян.

У чарговым выпуску праваабарончага відэапраекта „Кухня TV” сітуацыю абмяркоўваюць праваабаронцы ПЦ „Вясна” намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Павел Сапелка і каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, паведамляе spring96.org.