Што чакае старую сядзібу ў Аляксандраўшчыне?



У вёсцы Аляксандраўшчына Зэльвенскага раёна захаваўся сядзібны дом – помнік архітэктуры другой паловы ХIХ стагоддзя. Ён быў пабудаваны ў 1875 годзе, якраз тады, калі гэта ўласнасць была Рышарда Феліксава. Вакол дома быў закладзены тады і прыгожы парк.

Цагляны будынак мае складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Уваходная частка вылучана рызалітам і мансардай. У дэкоры пабудовы выкарыстаны руст, плоскія пілястры, лапаткі, прафіляваны карніз з сухарыкамі. У архітэктурным абліччы сядзібы выразна прасочваюцца рысы неакласіцызму.

Шмат гадоў у гэтым прыгожым доме знаходзілася мясцовая школа. Яе апошнім дырэтарам была Валянціна Нагула. Школы ўжо няма ў вёсцы. А спадарыня Валянціна ўжо на пенсіі, з мужам жыве недалёка ад архітэктурнага помніка. Яна за ім сёння часова прыглядае, мае ключы ад дома і ведаю ўсю яго гісторыю. Але ў апошні час жанчыну хвалюе лёс гэтага сядзібнага дома ў Аляксандраўшчыне. “Гэты дом некалі выкупіў прадпрымальнік Чаркес. Гэта быў вельмі адукаваны, цікавы і шчыры чалавек, – распавядае Валянціна Мікалаеўна. – Але здарылася бяда: мужчына загінуў у аўтамабільнай аварыі. А мы з ім планавалі тут зрабіць этнаграфічны музей, гасцініцу, кафэ – адным словам, месца для адпачынку. Ён фінансаваў рамонт, ужо пастаўлены былі новыя драўляны вокны, рабіўся рамонт другога паверха, зала пад музей. Я сабрала шмат старых экспанатаў для будучага музея… Жыву побач, і ідэя гаспадара сядзібы мне вельмі падабалася, бо і мне праца была б тут. Але ж… чалавека ўжо няма. А цяпер невядома, які лёс чакае сядзібнага старога дома ў Аляксандраўшчыне”.

Валянціна Нагула правяла і паказала ўвесь дом. І, сапраўды, шмат зроблена ўжо было для аднаўлення архітэктурнай старой сядзібы – помніка нашай культуры. Жанчына сабрала і вялікую колькасць розных музейных старых рэчаў: кросны, ліхтары, прасы, тканыя вырабы, пудзілы звяроў, паштоўкі, газеты. Нават першы нумар бальшавіцкай газеты “Правда” знайшоўся… Што з усім гэтым будзе далей – невядома. Які лёс чакае старую сядзібу ў Алясандраўшчыне – ніхто не ведае.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара