Які лёс напаткае подпісы за бел-чырвона-белы сцяг?



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавядае пра тое, якая рэакцыя можа быць з боку Міністэрства культуры на сабраныя 10 тысяч подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг.

Алег Трусаў

Нагадаем, 19 кастрычніка закончылася акцыя па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Па словах арганізатараў акцыі, за месяц за бел-чырвона-белы сцяг паставілі подпісы каля 10 тысяч жыхароў сталіцы.

Зараз подпісы збіраюцца перадаць у Міністэрства культуры.

Алег Трусаў: Увогуле, такія акцыі – рэч патрэбная, бо думка грамадскасці заўжды перамагае. Безумоўна, каб назбіралі 100 тысяч подпісаў, было б лепш, але і 10 тысяч – не малая лічба.

РР: Якой, на ваш погляд, будзе рэакцыя Мінкульта на вынікі збору подпісаў?

Алег Трусаў: У свой час нечым падобным займаўся старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, і я параіў бы арганізатарам сёлятняй акцыі звязацца з ім перад паходам у міністэрства. Чалавек можа даць слушныя парады, бо для надання бел-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці трэба не толькі подпісы, але і шмат іншых папер. Неабходна афіцыйнае абгрунтаванне ад імя Беларускага таварыства помнікаў, бо яны па статуце могуць гэта зрабіць. А сцяг таксама – помнік нематэрыяльнай спадчыны. Бо подпісы ў Міністэрстве культуры могуць узяць, але пры гэтым сказаць: “А зараз афармляйце дакументы” .

РР: Але час у любым выпадку не змарнаваны дарэмна?

Алег Трусаў: Я вельмі ўдзячны хлопцам і дзяўчатам, якія займаліся гэтай справай і выказваю ім шчырую падзяку. І ўвогуле лічу, што трэба працягваць гэтую справу па зборы подпісаў. Вось няхай адпачнуць тыдзень – і ізноў збіраюць.

РР: Можа быць, і намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, якая з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўніком, змагла б дапамагчы нейкім чынам тым, хто выступае за бел-чырвона-белы сцяг?

Алег Трусаў: Наколькі мне вядома, яна свой подпіс ужо паставіла.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя