Якімі будуць беларускія незалежныя СМІ пасля змены ўлады?



Беларускія незалежных СМІ, якія працуюць за мяжой, пасля змены ўлады будуць працаваць у Беларусі. У прыватнасці тэлебачанне „Белсат” мае дастатковыя творчыя рэсурсы для гэтага. „Пытанне фінансавання працы ў Беларусі будзе вырашацца, калі ў  гэтым паўстане неабходнасць”, – кажа кіраўнік інфармацыйнай службы тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі.

img_9832

– Я спадзяюся, што змена ўлады, калі яна хутка надыдзе, будзе азначаць, што мы пастараемся даволі хутка пераехаць у Беларусь і там аднавіць нашу працу. Канешне, трэба думаць пра нейкія юрыдычныя бакі гэтага, пра розныя тэхнічныя справы, але мэта нашай справы – увесь свой патэнцыял і веды нармальнай еўрапейскай незалежнай тэлевізійнай журналістыкі, чаго ў Беларусі цяпер няма, выкарыстаць у самой Беларусі. Для гэтага мы і працуем.

Сайт „Хартыя 97″ ужо ведае як працаваць у Беларусі. Але пасля 2010 года яго галоўны рэдактар Наталля Радзіна фактычна збегла з краіны з-за палітычнага пераследу ўладаў.

img_9853-2

„Пасля змены рэжыму і вяртання на Радзіму будзем жыць у цікавыя часы”, – спадзяецца Наталля Радзіна.

– “Хартыя 97” вернецца ў Беларусь і будзе працаваць як папулярны беларускі незалежны партал, які працуе ў сваёй краіне, а не вымушаны працаваць за мяжой. І можна будзе далей думаць пра развіццё – гэта можа быць не толькі сайт, гэта можа быць і тэлебачанне, і газета. Галоўнае, каб была свабодная краіна. А ў свабоднай краіне ўсё развіваецца, не толькі медыя. Будзе вельмі цікавы час,  вельмі хачу да гэтага дажыць.

Як адзначае Наталля Радзіна, сёння ня толькі для СМІ важна супрацьстаяць імперскай пагрозе Расеі, працаваць над нацыянальнай свядомасцю беларусаў. Пасля змены ўлады трэба будзе будаваць новую краіну і адбудоўваць нацыю, – адзначае галоўны рэдактар „Хартыі 97″.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя