Яўген Васьковіч: Уладзе трэба спыніць гэтую хвалю пераследу



Былы палітвязень Яўген Васьковіч засуджаны да 15 сутак арышту за тое, што выказваўся падчас акцыі супраць „дэкрэта аб дармаедах” у Бабруйску. Цэлы дзень каля будынку суда яго і іншых арыштаваных чакалі родныя, сябры і мясцовыя актывісты.

Пра акалічнасці судовага працэсу выказаўся Яўген Васьковіч:

– Мне адмовілі ў магчымасці знайсці адваката і заключыць з ім дамову, у адказ на гэта я адмовіўся ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні, суддзя якога парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Суддзя выслухала меркаванні міліцыянта Рудзько, які складаў на мяне пратакол, спрабаваў мяне незаконна скрасці, таксама паглядзела відэа, дзе бачны мае выступы, якія не заклікаюць не да чаго, што з’яўляецца супрацьзаконным.

Напярэдадні арышту ў дом палітвязня ламіўся АМАП, а пасля падпалкоўнік Сяргей Рудзько асабіста прыйшоў да яго, каб уручыць позву „на размову”. Пасля гэтай позвы актывіст быў змешчаны ў ІЧУ.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя