“Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці”



У глыбоцкім касцёле Святой Тройцы адкрылася выстава дабрачыннага фонду „Адкрытыя сэрцы” ў абарону жыцця і ў падтрымку сям’і. Потым  яна пачне вандраваць па адукацыйных установах горада.  Выстава ўяўляе сабой некалькі рознакаляровых стэндаў, на якіх размешчаная інфармацыя пра два шляхі вырашэння праблем – светлы і цёмны.

Паводле намесніка дырэктара  фонду “Адкрытыя сэрцы” Івана Пузанава, выстава з’яўляеццца вынікам шасцігадовай дзейнасці арганізацыі.

– Цягам 6 гадоў у нас выспявала ідэя гэтых двух шляхоў, каб людзі маглі выбраць. І менавіта цяпер гэтая тэма вельмі актуальная. Выстава вялікая. Мы спрабавалі ва ўсіх стэндах закрануць усе актуальныя тэмы: абарона жыцця, сям’і, якая небяспека можа пагражаць сучаснай сям’і і як знайсці выйсце.

Як кажа Іван Пузанаў, дзякуючы дзейнасці дабрачыннай арганізацыі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях  118 жанчын адмовіліся ад абортаў і нарадзілі дзяцей, фонд з імі падтрымлівае сувязь і дапамагае.

Выставы  фонду “Адкрытыя сэрцы” ўжо  адбыліся ў шматлікіх гарадах Віцебскай вобласці, плануецца правесці іх па ўсёй Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі