Юрыя Глебіка пакаралі штрафам за ўшанаванне памяці пра паўстанцаў



Галоўным доказам пазазаконнага ўдзелу прадпрымальніка са Свіслачы Юрыя Глебіка ў мерапрыемствах, прысвечаных памяці паўстанцаў 1863 года стаў той факт, што грамадскі актывіст трымаў падчас урачыстасцяў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Суддзя Аляксандар Шылін прыняў да ўвагі сведчанні супрацоўнікаў міліцыі Аляксандра Барэля і Аляксандра Гуштына, якія сцвярджалі, што сцяг не з’яўляецца нацыянальным сімвалам Беларусі.

IMG_1784

Ніякіх доказаў у пацверджванне сваіх словаў міліцыянты не прадаставілі, але суддзя паверыў супрацоўнікам Свіслацкай міліцыі і вынес жорсткі прысуд – чатыры з паловай мільёны штрафу за тое, што Юрась Глебік ушанаваў памяць нацыянальных герояў Беларусі падчас наведвання месцаў памяці ў роднай Свіслачы 31 кастрычніка 2015 года. Юрась Глебік параўнаў судовае паседжанне з палітычнымі працэсамі 1937 года:

– Збіраліся тры чалавекі і вырашалі лёс чалавека без таго чалавека, у адносінах якога вялася справа. Тое самае цяпер. Ёсць суддзя, ёсць два міліцыянты. І больш яны нікога не слухаюць. Ужо прадказальна ўсё. Толькі трэба зафіксаваць гэта пратаколам.

31 кастрычніка бягучага года ў Свіслачы адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы па ўшанаванню памяці братоў Каліноўскіх і іншых герояў паўстання 1863 года, на якіх прысутнічала каля ста чалавек. Міліцыянты палічылі наведванне магілаў, сядзібы братоў Каліноўскіх, ускладанне кветак і запальванне знічаў несанкцыянаваным мерапрыемствам, у сувязі з чым пакаралі Юрася Глебіка вялікім штрафам.

Беларускае Радыё Рацыя