Юрыю Дзешуку вярнулі прынтар, забраны тры месяцы таму



Актывісту з Бярозаўкі Юрыю Дзешуку аддалі прынтар, які быў забраны падчас вобшуку па крымінальнай справе, заведзенай на ўдзельнікаў экалагічнага флэшмобу. Па словах Юрыя Дзешука, на месцы ён праверыў у прысутнасці сведак прынтар на спраўнасць.

– Патэлефанаваў сёння следчы Следчага камітэту і прапанаваў прыехаць і забраць сваю друкарку, якая ў мяне была канфіскаваная яшчэ тры месяцы таму. Прыехаў і забраў. Заадно ён скарыстаўся момантам і дапытаў мяне па крымінальнай справе, якую завялі па факце флэшмобу, які адбыўся ў канцы ліпеня ў Бярозаўцы. Цікавіліся, дзе я быў у той час, ці ведаю я асобных людзей, каторыя, на іх думку, маглі ўдзельнічаць у гэтым флэшмобе. Няма ў іх ніякага матэр’ялу канкрэтнага, таму чапляюцца да кожнага чалавека.

Справа, якую вядуць мясцовыя следчыя, звязаная з флэшмобам на транспартнай прахадной шклозавода «Нёман». Там былі складзеныя аўтамабільныя пакрышкі, раскіданыя ўлёткі. Невядомыя пакінулі побач бутэлькі з вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя