З 26-га кастрычніка ў Гародню і на Аўгустоўскі канал – без віз



26-га  кастрычніка ўвойдзе ў сілу Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала.

augustousky-k-833x400

Перасякаць без візаў мяжу ў гэты дзень можна будзе на польска-беларускім пераходзе Кузніца-Брузгі, а з 1-га траўня – ў пункце пропуску на Аўгустоўскім канале Рудаўка-Лясная.

Паводле старшыні камітэта спорту і турызма Гарадзнескага абласнога выканаўчага камітэта Алега Андрэйчыка, каб выехаць у Беларусь, трэба толькі запоўніць адпаведную анкету:

– Гэтая анкета будзе размешчана на сайтах турыстычных кампаній. Яе дастаткова спампаваць, запоўніць і даслаць на адрас турыстычнай кампаніі. І цягам 24 гадзін пасля прадастаўлення анкеты можна ўжо наведваць Рэспубліку Беларусь.

Уся інфармацыя аб ўмовах бязвізавага ўезду на тэрыторыю Беларусі будзе размешчана на сайце grodnavisafree.by, які пачне працу на наступным тыдні, кажа Алег Андрэйчык:

– Там будзе ўся інфармацыя, у тым ліку і на польскай мове, пра правілы наведвання, знаходжання ў гэтай зоне, пра пытанні, якія могуць узнікнуць у турыстаў, і ўся інфармацыя, звязаная з турызмам: пра рэстараны, месцы размяшчэння і турыстычныя маршруты.

26-га кастрычніка адным з першых без візы мяжу на пераходзе Кузніца-Брузгі пераедзе маршалак Падядшскага ваяводства Юры Ляшчынскі. Без візы перасячы мяжу можна будзе на машыне і на ровары.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток