З 4 студзеня ў Беларусі адключаюць апошнія аналагавыя тэлеперадатчыкі



Апошнія аналагавыя тэлеперадатчыкі будуць адключаныя ў Беларусі з 4 студзеня.

Пра гэта паведаміў начальнік сектара тэлебачання, радыёсувязі і радыёвяшчання ўпраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфармацыі Віктар Зайцаў. Чыноўнік адзначыў, што Беларусь адключыла аналагавае вяшчанне 15-га траўня мінулага года ў адпаведнасць з дакументамі, прынятымі ў Жэневе ў 2006-м. Разам з тым былі і аналагавыя частоты, якія не падпадалі пад дзеянне жэнеўскіх дамоўленасцяў. Яны і будуць адключаныя з 4-га студзеня. Такія тэрміны вызначаныя “з улікам меркавання насельніцтва, якому спатрэбіўся час для набыцця патрэбнага абсталявання і праўнага пераходу на лічбавае ТБ”.

З улікам святочных і перадсвяточных трансляцыяў, было вырашана адключаць аналагавыя перадатчыкі з 4-га студзеня. Шэраг аналагавых перадатчыкаў застаўся ва ўсіх абласцях краіны. Пасля іх адключэння карыстальнікам аналагавага абсталявання стануць недаступныя некаторыя беларускія дзяржаўныя тэлеканалы.

БелТА