З Віцебску – ў Полацак: традыцыйная пілігрымка (абноўлена)



7 ліпеня пачалася грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебска ў Полацак, якая прысвечана пакутнікам манахам-базыльянам, якія былі забіты ў полацкім Сафійскім саборы служкамі расейскага цара Пятра першага. А пачынаецца пілігрымка з Віцебску, дзе быў забіты святамучанік Язафат – полацкі грэка-каталіцкі архібіскуп. Пра маршрут пілігрымкі кажа прыхаджанін полацкай грэка-каталіцкай царвы Святой Параскевы Віктар Стукаў:

– Зранку ў Віцебску адбылася служба, затым пілігрымы выходзяць, першы прыпынак Заронава, далей Шуміліна, Обаль, затым яны выйдуць з Гаран і прыбудуць у Полацак да Сафійскага сабора. Звычайна гэта бывае недзе а 17-й гадзіне, або а 18-й у суботу 11 ліпеня. А 12 ліпеня ў нашай царкве адбудзецца ўрачыстая служба.

Гэта ХХІ штогадовая пілігрымка. Сёлета яна праходзіла пад дэвізам ”Люблю прыказанні Твае, Госпадзе!”. Удзел у пілігрымцы бяруць вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы з усіх куткоў Беларусі. На шлях выйшла з Віцебска больш за 40 чалавек. Наступныя пілігрымы далучацца ўжо па дарозе.

Відэа з пілігрымкі Віцебск-Полацк у 2014 годзе

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

 

* * *

Традыцыйная пілігрымка з Віцебску – ў Полацак, якую арганізуе Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, пачнецца 7 ліпеня. Больш за сто кіламетраў пілігрымы з усёй Беларусі пройдуць у малітве і разважаннях над пакутніцкім лёсам манахаў-базыліянаў, забітых у Саборы Святой Сафіі. Кажа айцец Андрэй Крот:

– Гэтай пілігрымкай мы ўшаноўваем нашых святых, ушаноўваем святога Язафата, які быў забіты ў Віцебску і ўшаноўваем таксама не кананізаваных яшчэ і не прызнаных царквой святымі мучанікамі манахаў базыліянаў, якія былі забітыя 11-га ліпеня 1705 года расейскім царом Пятром I у Полацкай Сафіі. Мы молімся за тое, каб царква як мага хутчэй прызнала іх святымі – гэта наш такі малітоўны подзвіг, хоць у Госпада яны ўжо святыя, ужо прызнаныя, але тут на зямлі патрэбна прайсці некаторыя этапы фармальнага прызнання.

Пілігрымка пачынаецца ў грэка-каталіцкім храме Віцебску, а завершыцца святой літургіяй 12-га ліпеня ў храме Святой Параскевы Полацкай у Полацку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня