З юбілеем, настаўнік!



15 чэрвеня слонімскаму настаўніку, грамадскаму актывісту і краязнаўцу Мікалаю Ракевічу спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мікалай Ракевіч нарадзіўся ў вёсцы Ваўчкі на Слонімшчыне.Скончыў Гарадзенскі педінстытут і ўсё жыццё аддаў школе, дзе працаваў настаўнікам роднай мовы, быў завучам, дырэктарам школ на Наваградчыне і Слонімшчыне. Цяпер Мікалай Іванавіч на пенсіі. Акрамя педагогікі, настаўніка заўсёды хваляваў і хвалюе лёс Бацькаўшчыны, лёс беларусаў. Калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, спадар Ракевіч адным з першых запісаўся, а пасля пэўны час сам узначальваў Слонімскую суполку Беларускага Народнага Фронту.

Мікалая Ракевіча ўсё жыццё цікавіла і гісторыя роднага краю. У 2009 годзе ён выдаў унікальную кнігу «Радзімы кут мой». У ёй аўтар апісаў гісторыю роднай вёскі Ваўчкі Слонімскага раёна і гісторыю суседніх з Ваўчкамі вёсак.Гэта своеасаблівая споведзь пра лёс ягонай роднай вёскі, а таксама пра лёс вяскоўцаў і сваякоў — Ракевічаў. Але лёс сям’і Ракевічаў — гэта лёс беларусаў. Разважаючы ў сваёй кнізе пра родную вёску Ваўчкі, аўтар шчыра думае пра людзей, якія там спрадвеку жылі, якую карысць яны прыдбалі сабе, сваёй сям’і, родным і блізкім людзям, сваёй нацыі і Бацькаўшчыне. У многіх варунках лёс землякоў Мікалая Ракевіча, ды і лёс самой Беларусі, залежаў ад тых акалічнасцей, у якіх ім прыходзілася жыць, працаваць, радавацца і гараваць.

Кніга пра вёску Ваўчкі — гэта добрая вязанка ўспамінаў аўтара. Прачытаўшы яе, узнікае пэўнае адчуванне, што аўтар тут выступае і ў ролі прафесійнага нарысіста, і ў ролі мудрага, цікавага апавядальніка. Ён расказаў не толькі пра сваю вёску Ваўчкі, але па-сапраўднаму ўмела апісаў рэчаіснасць, якая мела дынамічны характар і ўяўляла складанае перапляценне ўзаемазвязаных сацыяльных, культурных і палітычных працэсаў.

rak

Нягледзячы на сталы ўзрост, Мікалай Ракевіч працягвае займацца грамадскімі справамі, краязнаўствам, шмат чытае, асабліва любіць чытаць «Народную волю» і «Наша слова», бо выпісвае іх з першых дзён выдання. Беларускі настаўнік па-ранейшаму ў шэрагу. А з юбілеем яго шчыра віншуюць землякі, сябры, трое сыноў, дзясяткі ўнукаў і праўнукаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.