За акцыю супраць новых падаткаў — штраф 30 базавых



Актывіст маладзёжнай грамадзянскай ініцыятывы „Zмена” Павел Вінаградаў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (6,3 млн. рублёў) за правядзенне акцыі супраць увядзення новых падаткаў 31 студзеня ў Менску.

vinagradau160205-xv18u

Такое рашэнне было прынятае 5 лютага суддзёй Маскоўскага раённага суда сталіцы Таццянай Матыль. 31 студзеня актывісты „Zмены” правялі акцыю каля ўваходу ў будынак інспекцыі па падатках і зборах Менска. Яны перагарадзілі ўваходныя дзверы труной з надпісам „У труне бачылі вашы падаткі”, а побач устанавілі плакат: „Хопіць рабаваць свой народ”. Пры гэтым усе ўдзельнікі акцыі за выключэннем Вінаградава прыкрылі твары, каб застацца непазнаным.

Як патлумачыў Вінаградаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, ён вырашыў правесці „сацыяльны эксперымент” — „праверыць, што будзе актывісту за ўдзел у вулічным экшэне пратэстнага характару ў 2016 годзе, пакуль не атрыманы крэдыт і не знятыя санкцыі”.

У суд Вінаградаў прыйшоў з сабранымі рэчамі, мяркуючы, што яму давядзецца адбываць адміністрацыйны арышт. Тым не менш, суд прыняў рашэнне спагнаць штраф. Значыць, „сацыяльны эксперымент атрымаўся”, заявіў актывіст „Zмены” ў гутарцы з БелаПАН.

850742E4-DEE2-4D42-9B0A-9E5A01D0C7DC_w640_r1_s

96248AAF-57A2-4ECB-AC86-65FB7591F3E2_w640_r1_s

„Я раблю такую выснову: калі за вулічную акцыю не паехаў на суткі нават я — чалавек, якога саджалі па адміністрацыйных справах аж дзевятнаццаць раз, —  значыць, праводзіць акцыі можна без страху. Адна рэч, калі чалавека адрываюць ад сям’і і саджаюць на 15 сутак, і зусім іншая рэч, калі ўсё праходзіць практычна нармальна. Даюць штраф — гэта не страшна, можна працаваць”, — сказаў Вінаградаў.

На яго думку, сітуацыя, пры якой улады не караюць сваіх палітычных апанентаў арыштам, а толькі абмяжоўваюцца матэрыяльнымі спагнаннямі, працягнецца да таго часу, „пакуль ЕС не прыме рашэнне аб канчатковым скасаванні санкцый супраць Беларусі і пакуль не будзе атрыманы крэдыт МВФ”.

БелаПАН

Фота: svaboda.org