За чыстую Чыжоўку



1000 подпісаў жыхароў менскай Чыжоўкі было сабрана пад зваротам за добраўпарадкаванне тэрыторыі гэтага мікрараёна. Актывісты грамадскай ініцыятывы «За чыстую Чыжоўку», якія і праводзілі збор, перадалі зварот у адміністрацыю Заводскага раёна.

Па словах каардынатара ініцыятывы, кіраўніка аб’яднання «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча, цяпер жыхароў Чыжоўкі найбольш хвалююць тры сацыяльныя праблемы:

— Гэта закрыццё чыжоўскай звалкі Пруцішча, бо яна смярдзіць і з’яўляецца таксічнай. Ужо 17 гадоў яе зачыняюць, але працягваюць кожны год тэрмін яе эксплуатацыі. Таксам гэта ачыстка ад ілу Чыжоўскага вадасховішча, рамонт ходнікаў і лесвіц, пешаходных дарожак у мікрараёнах Чыжоўка-6 і Чыжоўка-2. Таму што па гэтых ходніках дзеці ходзяць у школу, пенсіянеры, бабулькі ходзяць у крамы ці ў скверы. Гэта дастаткова актуальныя праблемы і жыхары  актыўна падпісваюцца. Мы і надалей плануем збіраць подпісы за вырашэнне мясцовых праблем. «Мы» — гэта не толькі актывісты ініцыятывы «За чыстую Чыжоўку», але і мясцовыя жыхары. Яны разам з намі збіралі гэтыя подпісы. Так што працуем разам”.

РР: Як прадстаўнікі мясцовай улады адрэагавалі на гэтую ініцыятыву?

Артур Фінькевіч: Я быў вельмі здзіўлены, бо з намі ніколі так ветліва не размаўлялі. Я бы сказаў, што вельмі станоўча паставіліся. Сказалі дзякуй, што вы нам паказваеце такія вось факты. Вельмі важна вырашаць такія праблемы. Мы абавязкова будзем выязджаць на месцы, абавязкова будзем вырашаць, абавязкова вас запросім на паседжанне і цягам месяцу адкажам афіцыйна на ўсе вашы запыты, — запэўнілі нас у выканкаме раёну. Калі не будзе прынята станоўчага рашэння па нашых петыцыях у адміністрацыю Заводскага раёну, то мы перададзім копіі сабраных подпісаў у Менгарвыканкам ці сабярэм новыя, дадатковыя подпісы па гэтых ці іншых праблемах.

Наста Машчава, каардынатар кампаніі «За чыстую Чыжоўку», актывіст «Маладой Беларусі»:

Насамрэч ідэя стварыць такую ініцыятыву ў нас узнікла паступова. Пасля таго, як мы не раз удзельнічалі ў розных перадвыбарных кампаніях, збіралі подпісы і сутыкнуліся з тым, што асноўны пасыл людзей, калі ты прыходзіш да іх збіраць подпісы за кандыдата, гэта: «А што вы нам дадзіце? У нас разбураныя лесвіцы, у нас звалка ці нешта іншае».  І мы вырашылі стварыць гэтую ініцыятыву, каб не проста прыйсці і зрабіць за іх, а каб самі людзі арганізаваліся для вырашэння такіх праблем. У тых умовах, у якіх мы знаходзімся цяпер, калі ў грамадстве вельмі моцныя пратэстныя настроі, людзі вельмі пазітыўна рэагуюць і далучаюцца. Напрыклад, на тым жа зборы подпісаў, калі мы яго пачалі, то праз кароткі час нам ужо дапамагалі звычайныя людзі. Яны самі праяўлялі ініцыятыву, казалі: «Давайце нам бланкі, мы самі збяром подпісы ў сваіх дамах, сярод сваіх знаёмых». Таму настрой людзей вельмі пазітыўны. Таксама мы вядзем актыўную працу ў сацыяльных сетках  Укантакце і Фэйсбуку. Людзі далучаюцца, пішуць. Мы бачым адваротную сувязь ад людзей. І ў прынцыпе, задача нашай ініцыятывы не толькі дапамагчы вырашыць тыя ці іншыя праблемы, у сённяшніх умовах цалкам іх можна і не вырашыць, але галоўнае — навучыць людзей самаарганізоўвацца. Каб яны разумелі, што і самі могуць нешта вырашыць, што яны і самі — сіла. Зараз некаторыя пішуць, цікавяцца ў сацыяльных сетках Укантакце, дзе я каардыную групу, у якую ўваходзіць каля палутара тысяч чалавек,  ці падалі мы ўжо подпісы?  І бачна па рэкцыі, па тым жа самым лайкам, па каментарам, што людзей гэтая праблема хвалюе. Мы будзем чакаць адказу і калі яго атрымаем, паведамім пра гэта людзям. У бліжэйшы час  плануем таксама правесці суботнікі, сустрэчы. Магчыма, ёсць нейкія праблемы, пра якія мы не ведаем, больш лакальныя, больш мясцовыя, — разбураная дарожка ці адсутнасць дзіцячай пляцоўкі. І гэтыя праблемы будзем разам вырашаць.

Артур Фінькевіч: Вельмі паказальна, што ў 2014 годзе, калі пабудавалі «Чыжоўка Арэна», то, як казалі прадстаўнікі ўладаў, Чыжоўку літаральна «вылізалі».  Але праблема ў тым, што яны, так бы мовіць, «вылізалі» Чыжоўку толькі ў тым месцы, дзе пабудавана арэна і вакол яе на 300 – 500 метраў. А далей калі зайсці, то там пачынаюцца цікавыя рэчы, там можна проста ногі паламаць.

Наста Машчава: Таксама вельмі актуальна пытанне таго ж Чыжоўскага вадасховішча. Чыжоўка — вялікі раён, але там няма нармальнай воднай зоны адпачынку. І таму, асабліва калі дзеці ідуць на канікулы, па берагах бруднага Чыжоўскага вадасховішча шмат народу, які там адпачывае, купаецца, хаця гэта небяспечна. Улады не раз казалі, што вадасховішча можна пачысціць, зрабіць пляж. Але гэта ўсё засталося на ўзроўні словаў. Людзі хочуць, улады абяцаюць, але не робяць. Таму мы перад летнім сезонам паднялі гэтае пытанне. А раптам пашанцуе і яго сапраўды зробяць прыдатным для адпачынку. Таму што ездзіць з Чыжоўкі недзе купацца, на Менскае мора ці яшчэ куды — гэта вельмі далёка.

Артур Фінькевіч: На ачыстку вадасховішча мясцовымі ўладамі выдзяляліся грошы яшчэ ў 2000 годзе. Але быў пачышчаны толькі бераг паблізу гэтай «Чыжоўка – Арэна», а да дна так і не дабраліся. 17 гадоў прайшло і ўсё на тым жа ўзроўні і засталося.

Але, па словах Артура Фінькевіча, зараз арганізатары ініцыятывы спадзяюцца на паспяховае рашэнне праблем Чыжоўкі. І галоўная чыннікі гэтай упэўненасці, — настроенасць на перамогу і падтрымка ініцыятывы насельніцтвам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя