За мяжой навучаецца каля 18 тысяч беларусаў



Зараз за мяжой навучаецца каля 18 тысяч беларусаў. З іх 12 тысяч — у Расеі. Апытанні паказваюць, што больш за палову з цяперашніх выпускнікоў замежных ВНУ хацелі б вярнуцца ў Беларусь. Такія звесткі прывяла кіраўніца камітэта «Салідарнасць» Іна Кулей:

— Дысбаланс тых, хто атрымлівае можна сказаць прапагандысцка расейскі кірунак мышлення і тых, хто усё ж такі заходне-дэмакратычны і так далей, нам вельмі хацелася б хаця б ураўнаважыць.

Дзеля гэтага камітэт адкрыў агенцтва «Тваё заўтра». Яно скіраванае на стварэнне супольнасці з выпускнікоў замежных стыпэндыяльных праграмаў. Гаворыць каардынатарка праекта Наталля Літвіненка:

— Мы хочам не толькі дапамагчы выпускнікам вярнуцца, але і паказаць ім, што ў Беларусі сёння можна штосьці рабіць. Так, усе кажуць пра крызіс і пра тое, што цяпер цяжка і мы пачалі праект у не зусім удалы час. Але з іншага боку, крызіс — гэта заўсёды час магчымасцяў.

Агенцтва «Тваё заўтра» мае ўласны сайт. Тут можна бясплатна разьмясьціць і разгледзець вакансіі, пазнаёміцца з актуальнымі праграмамі стажыроўкі.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя