За непрыбраны снег плануюць штрафаваць



У Беларусі плануецца ўвесці адказнасць за непрыбраны снег вакол асабістага аўтатранспарту. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.

«Распрацаваны праект нарматыўна-прававога акта, які прадугледжвае кампетэнцыю мясцовых органаў улады зацвярджаць правілы добраўпарадкавання, у якіх будуць вызначаныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый. Мы кажам: тое, што сёння людзі выйшлі і зрабілі добраахвотна, будзе абавязкам», — адзначыў Церахаў.

Новаўвядзенне будзе накіравана на тое, каб грамадзяне ў абавязковым парадку прыбіралі тэрыторыю. «Задача — не аштрафаваць, не прыцягнуць да адказнасці. Мы хочам, каб грамадзяне выходзілі і прыбіралі тэрыторыю вакол сваіх аўтамабіляў. І тым самым зрабілі жыццё прасцейшым і сабе, і навакольным», — сказаў Церахаў.

Аляксандр Церахаў падзякаваў тым, хто дапамог камунальным службам з расчысткай дваровых тэрыторый.

БелТА