Забойства верагоднага прэзідэнта



Трэба называць усё сваімі імёнамі. Добра ведаем, што такое палітычныя рэпрэсіі, пераслед ідэалагічных супернікаў і забойства на палітычнай глебе. Менавіта за такімі фармуліроўкамі хаваецца знішчэнне сталіністамі ў канцы 1930-х гадоў слынных сыноў Беларусі. Але ў кастрычніку 1939 года ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна адбылося забойства. Гэта крымінальная справа і паспрабуем у гэтым разабрацца.

raman_skirmunt_1868-1939_-_foto_before_1920_adБез суда і следства 77 год таму быў забіты Раман Скірмунт (1868-1939). Прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, сенатар Дзяржаўнай Думы і польскага Сейма, лідар краёўцаў, мецэнат…шмат статусаў, а ўсё ж галоўны – Чалавек.

ТОП-10 спраў Рамана Скірмунта

Беларускае Радыё Рацыя ўжо рабіла змястоўную публікацыю пра жыццё і дзейнасць гэтай постаці: Прэм’ер Беларусі, які не рызыкнуў стаць дыктатарам, але ж пэўна варта нагадаць некалькі фактаў, якія добра раскрываюць сутнасць нашага героя.

– ва ўласным маёнтку Парэчча, цяпер вёска Парэчча Пінскага раёна, арганізаваў аўтобусны рэйс да Пінска, праклаў дарогу, праводзіў сельскагаспадарчыя ярмаркі для заахвочвання сялян;

– выдаваў сялянам будаўнічы матэрыял на хаты ды сельскагаспадарчыя пабудовы, аказваў дапамогу пацярпелым у выніку пажару або іншага бедства;

– пры яго фабрыцы пабудавана 4 дамы на 90 кватэр і 4 інтэрнаты для несямейных. Аплачваў харчаванне, арэнду жылля, паслугі доктара ды шпіталь на 12 месцаў. Для дзяцей рабочых трымаў бясплатнае вучылішча, дзе навучалі грамаце і ткацтву;

– пабудаваў у Парэчча каталіцкі касцёл Сэрца Езуса (на жаль, не захаваўся), і праваслаўны храм Раства Багародзіцы;

– заклаў парк у англійскім стылі, сюды ён звозіў дрэвы і хмызнякі з Еўропы, ЗША, Расеі ды Канады. Цяпер парк уяўляе сабой унікальны помнік прыроды;

– аказваў падтрымку беларускім выданням і нацыянальным арганізацыям, такім як газета “Наша Ніва” ды партыя Беларуская Сацыялістычная Грамада;

– заклікаў аб’яднаць у межах новаўтворанай Беларускай Дзяржавы ўсе этнічныя землі. Прасоўваў праект пабудовы паспяховай аграрнай краіны, бо быў перакананы ў неабходнасці выкарыстання зямельнага патэнцыяла Беларусі.

– узначаліў першы беларускі палітычны прадстаўнічы орган – Беларускі нацыянальны камітэт. Менавіта ад імя старшыні БНК упершыню афіцыйна ўладным колам Расеі было выказана, што беларусы маюць нацыянальна-палітычныя інтарэсы ды патрабуюць аўтаноміі.

– 12 сакавіка 1917 года арганізаваў і правёў у Менску Дзень нацыянальнага значка. Так пра мерапрыемства паведамлялі газеты: “На вуліцах горада прадаваліся значкі нацыянальных колераў Беларусі – чырвонага з белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах… цэнтральнай падзеяй акцыі стаў шматлюдны беларускі мітынг пад старшынствам Рамана Скірмунта…”.

– спрабаваў кансалідаваць усе прабеларускія палітычныя сілы, на што не шкадаваў ані ўласных сілаў, ані грошаў.

Дык чаму крымінальнае забойства, а не палітычнае?

На прыканцы верасня 1939 года тэрыторыя Заходняй Беларусі апынулася занятай Чырвонай Арміяй у выніку пахода на Польшчу, якая з 1-га верасня на заходнях рубяжах вяла барацьбу з нацыстамі. Падзел Польшчы быў прадугледжаны жнівеньскімі дамовамі паміж Берлінам і Масквой, вядомы Пакт Молатава-Рыбентропа.

Саветы ўсталёўвалі сваю ўладу, рыхтаваліся да далучэння Крэсаў (Заходняя Беларусь і Украіна ў складзе міжваеннай Польшчы). У першую чаргу пад рэпрэсіі трапілі ўрадоўцы, паліцэйскія, вайскоўцы ды леснікі, ўсе, хто меў зброю ды адміністрацыйны рэсурс. За землеўладальнікаў і бізнесоўцаў бальшавікі ўзяліся ў снежні 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне.

Трагедыя ў Парэччы сталася ў кастрычніку. Забілі Рамана Скірмунта тры мясцовыя жыхары, адзін з якіх нават атрымаў прыз падчас сельскагаспадарчага кірмашу, што ладзіў Раман Скірмунт. Такі лёс.

Ніякай санкцыі на расстрэл не было і памылкова называць іх бальшавісцкімі актывістамі. Юстын Ткачук, Пархiмчук (мянушка Салавей) ды Iван Лешчук – забойцы, якіх дагэтуль парэчанцы называюць гулякамі і выпівохамі. Яны былі ўпэўненыя, што новая ўлада прынясе ім рай на зямлі. Верагодна Ткачук, Лешчук і Парахімчук скарысталіся сітуацый. Па-першае: за забойства землеўладальніка “сялянская ўлада” не пакарае. Па-другое: трэба ж паказаць лаяльнасць.

Так званыя “актывісты” аказаліся звычайнымі рабаўнікамі. Пасля расстрэла сцягнулі з Рамана Аляксандравіча добрыя боты і гадзіннік, гэта тое, што аднавяскоўцы бачылі ў злачынцаў. Магчыма, што сцягнулі яшчэ нешта.

Божы суд ці ўсё выпадкі?

Тры хлопцы, ўзяўшыя на душу вялікі грэх, памерлі хутка і незразумела ад чаго. Адзін задушыўся, другі раптоўна памёр, кажуць сэрца спынілася, а трэці паміраў ў пакутах, такая хвароба, што гніў пры жыцці.

Што гэта? Пакаранне нябёсаў ці ўсё выпадкова, ўжо не мае значэння, бо кожны атрымаў свае. Удзячныя ж вяскоўцы пахавалі Скірмунта на ўскрайку парка, які ён так рупліва закладаў. Магіла захавалася і сцяжынка да яе ўсё большае…

Як магло быць інакш

Скірмунта не трэба было папярэджваць пра надыход Саветаў, пра ўмовы ў краіне “працоўных і сялян”, усё ён ведаў. Раман Аляксандравіч не пакінуў родную зямлю ні ў часы Першай сусветнай, ні ў ходзе Грамадзянскай вайны. Калі стала вядома, што бальшавікі ў Пінску, то сказаў вяскоўцам: “Цяпер я звычайны працоўны…”.

Сяляне казалі, каб з’ехаў, хаваўся, а ён хацеў паглядзець у вочы новай уладзе. Старажылы ўзгадвалі: “Ён хацеў так: Я буду рабіці, але трэба, каб прыйшло начальства… Ну, ідзіце, забірайце ўсё маё багацце. Но работайце. А я пасматру, як вы будзеце рабіць. Маладнякі шчэ ж вы, ніц не знаеце”.

З савецкай уладай не сутыкнуўся, мясцовыя рабаўнікі зрабілі свой прысуд. Як напісаў гісторык Алесь Смалянчук: “Забілі Рамана Скірмунта, забілі чалавека, які мог быць першым беларускім прэзідэнтам. І ён цалкам адпавядаў бы гэтай ролі, бо быў разумным і добра адукаваным, меў вялікі палітычны і жыццёвы досвед, не быў абцяжараны ідэалагічнымі догмамі, любіў Беларусь і шукаў у палітычнай дзейнасці не ворагаў, а сяброў”.

Дарэчы, гісторык рыхтуе кнігу пра жыццё і дзейнасць палітыка, каб пазнаёміць сучаснікаў з выбітным сынам Беларусі. Гэта будзе першае выданне поўнай біяграфіі прэм’ер-міністра БНР.

https://www.youtube.com/watch?v=xMyQKYC0eHA

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя