Забойца Міхаіла Пішчэўскага вяртаецца за краты



Суд Цэнтральнага раёна Менска вынес свой трэці прысуд па справе Міхаіла Пішчэўскага, які быў збіты пасля гей-вечарынкі ў траўні 2014 года і праз 17 месяцаў памёр. Абвінавачваны — 32-гадовы Дзмітрый Лукашэвіч — прызнаны вінаватым у хуліганстве і прычыненні смерці па неасцярожнасці і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі. Прысуд абвясціла суддзя Вікторыя Шабуня, пасля чаго Лукашэвіча ўзялі пад варту ў зале суда. Праваабаронцы і родныя Пішчэўскага перакананыя, што прычынай канфлікту стала сексуальная арыентацыя Міхаіла, – нагадвае праваабаронца і  ЛГБТ-актывістка Наталля Манькоўская.

– Гамафобныя абразы, якія гучалі ў адрас пацярпелага, канешне, даюць падставы лічыць, што Лукашэвіч ударыў Пішчэўскага, таму што палічыў, што ёй гей. Такога роду злачынствы, канешне, павінны былі быць пад асобым кантролем. Павінна быць дзяржаўная праграма па прафілактыцы з тымі, хто можа здзяйсняць такія злачынствы, каб больш ніколі гэта не паўтаралася.

Пакаранне, з улікам ужо адбытага тэрміну, Дзімітры Лукашэвіч будзе адбываць у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Гэта ўжо другая яго адсідка. Першы раз яго прысудзілі да 2,5 гадоў, але не адседзіўшы і палову тэрміну, ён выйшаў па амністыі. Пасля смерці Міхаіла Пішчэўскага крымінальную справу аднавілі ў сувязі з тым, што „паўсталі больш цяжкія наступствы ў выглядзе смерці пацярпелага”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя