Загінулы ў В’етнаме беларус – жыхар Гомеля



Загінулы гамяльчук Віктар Бандарэнка – выпускнік Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Вандраваў аўтаспынам, быў стваральнікам „Клубу пазітыўных вандровак”, браў удзел у святах, якія ладзіла гісторыка-культурнае аб’яднанне „Талака”.

Віктар БандарэнкаВіктар Бандарэнка (Фота vk.com/jambo888)

Гамяльчанка Алена цягам некалькіх апошніх месяцаў суправаджала загінулага ў падарожжы па Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

– Я вандравала з Віктарам з 11-га снежня. Разам з ім мы за два з паловай месяцы прайшлі краіны Сярэдняй Азіі, месяц вандравалі ў Кітаі, і вось ва В’етнаме дзесяць дзён я пабыла з ім, віза ў нас была на пятнаццаць дзён. Пасля дзесяці дзён узяла квіток на самлёт, бо я не магла даўжэй быць і паляцела, а ён яшчэ пяць дзён планаваў пабыць ва В’етнаме і ехаць далей у краіны Паўднёва-Усходняй Азіі: Камбоджа, Лаос ды іншыя.

Гэта было яго самае такое грандыёзнае – вялікая запланаваная вандроўка. Да гэтага былі больш дробныя – некалькі тыдняў, месяц. Вельмі часта ён ездзіў адзін, таму я з’язджала і страху такога не ўзнікала, што ён там адзін застаецца, да гэтага ён часта вандраваў. Краін Паўднёва-Усходняй Азіі не было ў яго ў спісах, то бок былі толькі Грузія, Арменія, Сярэдняя Азія, Паўднёва-Усходняя Азія была ўпершыню.

Так, ён нейкі праект прыдумаць і назваць яго “Чалавек можа ўсё”. Хацеў прайсці, паглядзець і пасля ўжо штосьці пісаць, нейкія нататкі. У яго было шмат думак, ён хацеў данесці, чаму ён стварыў гэты клуб вандроўнікаў.

Былая старшыня моладзевай арганізацыі „Талака” Ларыса Шчыракова:

– Я не памятаю Купалля, дзе я не бачыла Віктара, ці Гукання вясны. Чым ён яшчэ вылучаўся? Ён прыходзіў на мерапрыемствы, ну прынамсі гэта было вельмі часта, у такіх чырвоных шараварах. Нехта яго першы назваў, але потым усе падхапілі і пачалі называць яго “Пятрушка”, бо гэта выглядала смешна вельмі. Канешне, мы ўсе іранізавалі з гэтай нагоды, але трэба адзначыць, што ён быў вельмі адданы чалавек гэтым старадаўнім традыцыям.

Будучы сам вандроўнікам, які ўвесь час сутыкаецца з неабходнасцю дзесьці пераночыць і зрабіць гэта вельмі бюджэтна, то бок кожны чалавек мог спісацца з ім, кожны чалавек, які мяркуе прыехаць у Гомель з мэтай падарожжа, мог звязацца з ім і атрымаць магчымасць у яго пераночыць, не толькі пераночыць, а і ўвогуле пабыць у яго. Гэта было паўтары гады таму, ён тады жыў у Чонках, мы паехалі да яго ў кватэру. На той час там былі дзве дзяўчыны з Санкт-Пецярбурга і адзін хлопец з Англіі.

Старшыня гомельскай “Талакі” Яўген Меркіс:

– Віктар Бандарэнка адносіўся да той катэгорыі людзей, якія заўжды былі на нашых мерапрыемствах, але афіцыйна ў арганізацыю так і не ўступалі. Зрэшты гэта не замінала яму вельмі актыўна прымаць удзел ва ўсіх нашых акцыях. Віктар запомніўся нам проста вялізнай энергіяй, ён заўжды прымаў самы актыўны ўдзел ва ўсім. Ён дапамагаў нам на калядаваннях па рынку, бо ён быў вельмі адкрыты чалавек, вельмі жвавы – гэта добра заўжды пры калядаваннях. Ён вельмі дзейсную дапамогу нам аказваў на мерапрыемствах на адкрытым паветры, то бок на Гуканнях вясны, калі трэба было арэлі змайстраваць, альбо зарганізаваць працу, на Купаллях таксама.

Віктар заўжды распавядаў вельмі шмат пра сваю прагу да падарожжаў. Ён мог бясконца распавядаць пра тое, як ён хоча з’ездзіць у Азію, як ён мае план з 50 далярамі аб’ездзіць і Кітай і Манголію. Было бачна, што дэталёвага плану ў яго няма, але за ім заўжды была такая вялізная ўпэўненасць у сабе. Пры гэтым я лічу яшчэ вельмі важнай ягонай рысай тое, што ён не саромеўся быць сабой, бо ўсе мы ў чымсьці дзіўныя і шмат хто з-за гэтага “заганяецца”, камплексуе. У Віктара такога не было, ён не баяўся быць дзіўным. Прыйсці ў нейкіх чырвоных шараварах на нейкае мерапрыемства, хай смяюцца, галоўнае ўдзел.

Віктар Бандарэнка патануў каля папулярнага ў турыстаў вадаспада Пангур, што знаходзіцца непадалёк ад в’етнамскага горада Далат. Беларускае пасольства ў В’етнаме вырашае пытанні дастаўкі цела гамельчука на радзіму.

(Фота vk.com/jambo888)

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель