Запраўляўся на польскіх запраўках і не плаціў



24-гадовы грамадзянін Беларусі, прымацаваўшы на сваю машыну скрадзеныя польскія нумары, запраўляў поўны бак на польскіх аўтазапраўках і з’язджаў не заплаціўшы.

Злодзея ўдалося ідэнтыфікаваць дзякуючы відэаназіранню на адной з аўтазаправак. 15 верасня, беластоцкая паліцыя атрымала паведамленне пра тое, што на адной з гарадскіх заправак мужчына спрабаваў скрасці паліва. На месцы паліцыянты высветлілі, што гэта грамадзянін Беларусі, а на машыне, на якой ён прыехаў, прымацаваныя польскія рэгістрацыйныя нумары. Пасля праверкі выявілася, што нумары былі скрадзеныя напачатку верасня. Апроч таго, паліцыянты знайшлі ў машыне каністры з палівам і арыгінальныя рэгістрацыйныя нумары машыны.

Хоць злодзея злавілі на месцы злачынства, а агулам ён цягам тыдня запраўляўся і не плаціў на пяці розных запраўках (агульная сума крадзяжу склала каля 1100 злотых), вельмі верагодна, што адзінай карай, якую ён панясе за свой учынак, будзе штраф. Максімальная аднаразовая квота крадзяжу склала 260,82 злотых, а гэта месціцца ў межах правапарушэння. Таму, уласнік запраўкі, хоча пераканаць праваахоўныя органы, што крадзеж паліва не быў аднаразовым правапарушэннем, але спланавай і пастаяннай крыніцай даходаў. Тады, ёсць шанец, што пракуратура кваліфікуе гэта, як злачынства, і справа трапіць у суд. Паліцыя праводзіць праверку, ці мужчына не ажыццяўляў і раней падобныя дзеянні.

Беларускае Радыё Рацыя

Паводле TVN24