Заснавальніку слонімскага краязнаўчага музея Язэпу Стаброўскаму – 145



2 лістапада спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння заснавальніка Слонімскага раённага краязнаўчага музея, калекцыянера, вынаходніка, гісторыка, археолага, вайскоўца Язэпа Стаброўскага (1870-1968).

Ёсць на Слонімшчыне вёска Орлавічы. Але яна нічым асаблівым не праславілася ў нашай гісторыі. Звычайная вёска, вядомая з XIX стагоддзя. А вось саму вёску праславіў на ўсю Беларусь толькі адзін чалавек — Язэп Стаброўскі.

01

Язэп Стаброўскі

У Орлавічах быў маёнтак Язэпа Стаброўскага, а вакол маёнтка яго ўласная зямля — 65 гектараў. Зямлю сваю ён бясплатна падараваў жыхарам Орлавіч. А сам маёнтак Стаброўскіх у гады Другой сусветнай вайны спаліў партызан Пракоп Герасімчык разам з іншымі партызанамі. У агні згарэлі карціны мастакоў, старая мэбля, каштоўныя гістарычныя дакументы, бібліятэка і ўсё, што сабралі Стаброўскія за шмат дзесяткаў гадоў. Там быў і кабінет Язэпа Язэпавіча.

Язэп Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1870 года ў Слоніме. У сямейным альбоме, які захоўваецца ў дачкі Язэпа Стаброўскага — Дзіляры Стаброўскай, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: „Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка „Кулікі”. Памёр у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.

03

Язэп Стаброўскі з другой жонкай і дачкой Дзілярай

Бацька Язэпа Стаброўскага — Язэп удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Штабс-капітан Мурамскага палка Язэп Вікенцьевіч Стаброўскі быў паранены падчас бітвы пад Севастопалем і звольнены са службы па раненні ў 1859 годзе. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.

Маці Язэпа Стаброўскага — Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай — Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці — Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага.

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. Дзякуючы сваім здольнасцям Язэп Стаброўскі атрымаў магчымасць яшчэ закончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

06

Палкоўнік Язэп Стаброўскі

02

Язэп Стаброўскі з першай жонкай Веранікай Давідоўскай, 1916 г.

У 1921 годзе Язэп Стаброўскі вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Ён збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы.

Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцца ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які адчыніў дзверы перад наведвальнікамі ў верасні 1929 года. На адкрыцці музея ў Слоніме пабываў нават прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

04

Язэп Стаброўскі крочыць па родным Слоніме

Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гарадзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўству і гісторыі.

05

Адна з залаў Слонімскага музея падчас Другой сусветнай вайны

Памёр Язэп Стаброўскі 15 студзеня 1968 года. Пахаваны ён побач са сваімі сваякамі на могілках у Орлавічах.

У верасні 2002 года, калі Слонім адзначаў сваё 750-годдзе, на будынку музея была ўстаноўлена мемарыяльная дошка (аўтар Леанід Богдан), прысвечаная Язэпу Стаброўскаму — заснавальніку музея. А крыху пазней яго імем назвалі і сам Слонімскі раённы краязнаўчы музей.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота з архіва аўтара.