Затрыманага раварыста перавялі на „Валадарку”



Затрыманага ўдзельніка роварнай акцыі „Крытычная маса” Змітра Паліенку перавялі ў СІЗА №1 МУС Беларусі — вядомую турму „Валадарку”, паведамляе праваабарончы сайт „Вясна„. Па іх звестках, хлопец пакуль праходзіць як падазроны паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу („Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”). Максімальнае пакаранне па гэтым абвінавачанні — да 6 гадоў зняволення.

Пісаць яму можна на адрас: вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, 220030, г.Мінск, Паліенка Дзмітрыю Аляксандравічу.

Другі з затрыманых — Станіслаў Канавалаў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Абодвух хлопцаў затрымалі 29 красавіка падчас акцыі „Крытычная маса”. Удзельнікі акцыі прапагандуюць ровар як сродак перамяшчэння. Прадстаўнікі ДАІ паказвалі вопратку даішніка, якую парваў адзін з раварыстаў падчас затрымання.

Еўрарадыё