Аблава на абаронцаў Курапатаў (абнаўляецца)



А 19-й гадзіне стала вядома, што ў судзе Першамайскага раёна Менска Сяргея Пальчэўскага асудзілі да 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу «Удзел у несанкцыянаванай акцыі». За якую дату акцыя, пакуль не вядома.

***

Па стане на 17:00 Зміцер Дашкевіч змог дабрацца дадому. Кажа, што дапамаглі журналісты, якія прыехалі да кватэры яго сяброў. Затрымліваць на камеры сілавікі не адважыліся.

Лёс Сяргея Пальчэўскага пакуль не вядомы. У РУУС-ах адмаўляюць, што хлопец знаходзіцца ў іх. Цяпер родныя Сяргея, а таксама маладафронтаўцы спрабуюць вызначыць яго месцазнаходжанне, – паведамляе Наша Ніва  ***

Лідара «маладафронтаўцаў» Змітра Дашкевіча спрабуюць затрымаць супрацоўнікі сілавых ведамстваў. «Прывёз дзяцей да сяброў на Трэці загарадны завулак. Малыя спалі, то я іх па чарзе заносіў у кватэру. Відаць, за мной сачылі, размінуўся з імі літаральна на пару секунд. Пакуль мяне не было ля машыны, накінуліся на Уладзя Сташкевіча, але потым адпусцілі. Цяпер вось сяджу з дзецьмі ў кватэры сяброў, заблакаваны, ламаць дзеверы яшчэ не спрабавалі».

Дашкевіч звязваў гэты ціск з учорашнімі перадачамі, што выйшлі на тэлеканалах АНТ і БТ: «Там жа казалі пра графіці, Леніна, збітых бабуль. Думаю, ім рэзанула, што нам атрымалася дасягнуць поспеху ў Курапатах. Нервы ва ўладаў здалі. Калі б сёння стаяў намётавы гарадок у Курапатах, то сёння ён быў ужо зачышчаўся спецназам».

У пад’ездзе дома затрыманы Сяргей Пальчэўскі. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў Зміцер Дашкевіч. Пальчэўскага павезлі ў Першамайскі РУУС.

Сяргей Пальчэўскі браў удзел у абароне Курапатаў — супрацьстаянні вакол узвядзення ля ўрочышча бінзес-цэнтра.

Беларускае Радыё Рацыя