Зацверджаны назвы новых станцый менскага метро



На сайце pravo.by апублікаванае рашэнне Менгарвыканкама аб назвах станцый другога ўчастка трэцяй і чацвёртай лініі Менскага метрапалітэну.

metro_skhema_dekabr_1

Агулам назвы нададзеныя 19 станцыям. Дзве з іх названыя ў гонар выбітных беларусаў — пісьменніка Івана Мележа (яго імя будзе мець станцыя на скрыжаванні вул. Максіма Багдановіча і вул. Халтурына) і паэта Максіма Багдановіча (яго імя будзе мець станцыя на скрыжаванні вул. Максіма Багдановіча, вул. Арлоўская і вул. Сурганава).

Як вынікае з дакумента, станцыі другога ўчастка трэцяй лініі метро будуць называцца:

станцыя, размешчаная на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Мельнікайтэ, — „Прафсаюзная”;

на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Крапоткіна — „Пярэспа”;

на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай — „Камароўская”;

на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Сурганава — „Парк Дружбы Народаў”;

на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Халтурына — „Івана Мележа”;

на скрыжаванні вуліц Шырокай і Усходняй — „Зялёны Луг”;

на скрыжаванні Лагойскага тракту і вуліцы Гамарніка — „Лагойская”.

Станцыям чацвёртай лініі метро прысвоеныя назвы: размешчанай на скрыжаванні вуліц Ташкенцкай і Галадзеда — „Чыжоўка”;

на скрыжаванні вуліцы Малініна і праспекта Ракасоўскага — „Азёрная”;

на скрыжаванні вуліцы Пляханава і праспекта Ракасоўскага — „Шэйпічы”;

на скрыжаванні вуліц Алега Кашавога і Ванеева з праспектам Ракасоўскага — „Серабранка”;

на скрыжаванні вуліц Алега Кашавога і Даўгабродскай з бульварам Трактарабудаўнікоў — „Даўгабродская”;

на скрыжаванні вуліц Уральскай і Фролікава — „Сляпянка”;

на скрыжаванні вуліц Платонава і Акадэмічнай — „Батанічны сад”;

на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава — „Друкарская”;

на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча, Арлоўскай і Сурганава — „Максіма Багдановіча”.

Паводле інфармацыі, апублікаванай на сайце Мінскага метрапалітэна, адкрыццё 3-й і 4-й ліній запланаванае на 2017—2035 гады.

Будаўніцтва 3-й лініі працягласцю 17,2 кіламетра ўжо вядзецца. Яе першую чаргу, якая ўключае чатыры станцыі, плануецца ўвесці ў строй у 2017 годзе. Працягласць 4-й лініі метро складзе 15 кіламетраў.

belapan.by