Завяршыў сваю працу VI Фэст нефармальнай адукацыі



У рэгіёнах не хапае адукацыі для дарослых – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі VI Фэсту нефармальнай адукацыі, што на выходных скончыў працу ў сталіцы. Папулярнасць інстытуцый дзеля дадатковай адукацыі дарослых, асабліва так званага «трэцяга ўзросту», заўважаецца ў сталіцы і абласных гарадах.

Кажа старшыня Рады Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы Дзмітрый Карпіевіч:

– Безумоўна праграма нефармальнай адукацыі па-ранейшаму ладзіцць больш у Менску і ў буйных гарадах. У рэгіёнах іх не так шмат. А калі мы кажам пра сельскую мясцовасць, то там увогуле не шмат такіх праграм.

Карпіевіч зазначае, што беларуская Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы арыентуецца на нядаўна прыняты ў Еўропе «Маніфест адукацыі дарослых у 21-м стагоддзі», аўтары дакументу мяркуюць, што роля такой адукацыі можа стаць ключавой для  выклікаў новага часу.

– Увесь час свет змяняецца. Ён змяняецца ў розных накірунках. І чалавек вымушаны ўвесь час чамусьці навучацца. Таму патрэбна часам істытуцыянальная падтрымка такога навучання. Таму ў фестываля адной з мэтай было – развіццё нефармальнай адукцыі менавіта ў рэгіёнах Беларусі.

Дзмітрый Карпіевіч спадзяецца, што беларуская ўлада скарыстаецца досведам еўрапейскіх краін, дзе палажэнні аб адукацыі дарослых разгледжаны асобна і падрабязна.

Беларускае Радыё Рацыя