Землякі шкадуюць Юрыя Чыжа



Арышт бліжэйшага сябра Аляксандра Лукашэнкі, аднаго з багацейшых людзей Беларусі, бізнесоўца Юрыя Чыжа, які родам з вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна, выклікаў у яго землякоў з Бярозаўшчыны шкадаванне. Для малой радзімы Чыж зрабіў шмат добрага, успамінаюць настаўніцы Равяціцкай сярэдняй школы, у якой вучыўся Чыж:

Прыстойны чалавек. А колькі зрабіў ён для нас і нашай мясцовасці, для школы, царквы. Аўтобусы аплачваў для дзяцей на розныя экскурсіі. Часта дзеці ездзілі. Увогуле, ён чалавек зычлівы, да людзей ставіцца вельмі добра.

Работнікаў Бярозаўскага камбіната сілікатных вырабаў, які належыць Чыжу, турбуе арышт гаспадара. Яны лічаць, што арышт паўплывае не лепшым чынам на і без таго складаную сітуацыі на камбінаце.

З новага года цэх па вытворчасці блокаў стаяў, цэх пліткі – некалькі месяцаў нават. Перыядычна стаіць камбінат. І для працаўнікоў, што працуюць удзень, ёсць чатырохдзёнка. Калі былі санкцыі супраць Чыжа, то немагчыма было набыць за мяжой запасныя часткі для нямецкага абсталявання, таму былі праблемы з яго рамонтам, што паўплывала на вытворчасць прадпрыемства.

Але ўсе ўпэўнены, што Чыж сядзець не будзе – проста за свае грошы правядзе, магчыма, пасяўную ў калгасах. Каб працягнуць эканамічную агонію дзяржавы. Такія правілы цяперашняй палітыкі ў бізнесе.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза