Жарсці вакол 90-гадовага інваліда ў Мікашэвічах



У Мікашэвічах уладамі і міліцыяй учынены гвалт над  адзінокім 90-гадовым інвалідам I групы Ганнай Паддубняк. І толькі за тое, што жанчына пажадала, каб яе апекуном стала жонка  сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Дубаносава. Алена Дубаносава каля 8 месяцаў надглядала Паддубняк як сацыяльны работнік. Ужо былі зроблены патрэбныя для апякунства дакументы без усялякіх карысных мэтаў – жыллё у Паддубняк непрыватызаванае. Замест падзякі Дубаносавым, іх затрымала міліцыя як махляроў, якія ў Паддубняк нібыта скралі дакументы, а саму Паддубняк супраць яе волі ўлада мае намер атправіць у дом састарэлых, кажа Алена Дубаносава:

– Участковы прыйшоў. Нашую бабулю перапалохалі, а Леаніда ўвогуле забралі ў міліцыю.

Леанід Дубаносаў:

– У бабулі патрабуюць пашпарт. Мяне затрымалі, я сяджу ў “уазіку”.  Калі ліст з райвыканакама ў бальніцу прыходзіць абы не аддавалі гэтую бабулю Дубаносавым, то пра што можна гаварыць?!

На пытанне начальніку Мікашэвіцкай міліцыі Сяргею Дзенісені, чаму каля Ганны Паддубняк узнік скандал і чаму затрыманы Леанід Дубаносаў, атрыманы вельмі скупы адказ:

– У нас ёсць паведамленне, што ў бабулі прапалі дакументы. Па гэтым паведамленні праводзіцца праверка.

Засмучаная Ганна Паддубняк сказала, што дакументы ніхто не краў і яны на месцы. Пасля 2 гадзін затрымання і складання пратакола са шматлікімі недахопамі Леаніда Дубаносава адпусцілі. Ён напісаў скаргу на незаконнае затрыманне. 11 кастрычніка упраўленне па працы і сацыяльнай абароне будзе вырашаць лёс Ганна Паддубняк, якая пісьмова падцвердзіла, што хоча дажыць пад наглядам Дубаносавых.

Беларускае Радыё Рацыя, Мікашэвічы

Фота media-polesye.by