Жорсткае абыходжанне з жывёламі – пакаранне за злачынства



Прэцэдэнты створаны. На мінулым тыдні адбыўся разгляд спраў за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Так у Берасці жанчыну за смерць шчанюка пакаралі грамадскімі працамі, а ў Менску мужчыну чакае да трох год турмы.

Гэтыя выпадкі павінны быць паказальнымі і інфармацыю трэба данесці да кожнага грамадзяніна, мяркуюць валанцёры заалагічнага руху. Чалец праўлення пінскага дабрачыннага аб’яднання “Абарона Жывёл” Алена Рамановіч кажа, што сапраўды цяжка прыцягнуць да адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі:

– Неабходна, каб былі сведкі і было жаданне напісаць заяву і пацвердзіць свае паказанні. Тады нешта зрушыцца з мёртвай кропкі. Часта нам тэлефануюць і гавораць – разбярыцеся, зрабіце што-небудзь. Але для таго, каб некага прыцягнуць да адказнасці,  патрэбныя сведкі.

У пінскім дабрачынным аб’яднанні “Абарона жывёл” адзначаюць, што на жаль, выпадкаў здзекаў над чацвераногімі вельмі шмат, але не ва ўсіх сітуацыях сведкі гатовыя ісці ў міліцыю.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота cbslibrary5.blogspot.com.by