Жыхар Берасця сядзе на 9 гадоў за 500 гр марыхуаны



19 траўня набыў моц прысуд 40-гадоваму жыхару Берасця за незаконны абарот з мэтай збыту і перамяшчэнне цераз мяжу наркатычных сродкаў.

Як паведаміў старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Аляксандр Плышэўскі, 30 лістапада 2016 года мужчына ўязджаў у Беларусь ў рэйсавым аўтобусе Варшава — Берасце цераз пункт мытнага афармлення „Варшаўскі мост”. Два поліэтыленавыя скруткі з марыхуанай агульнай вагой 490,18 грама ён схаваў пад курткай. Супрацоўнікі Брэсцкай мытні выявілі наркатычны сродак і канфіскавалі яго.

Мужчыну затрымалі, у яго дачыненні распачалі крымінальную справу.

21 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў брастаўчаніна вінаватым на падставе ч. 2 арт. 328-1 і ч. 3 арт. 328 КК, прызначыў пакаранне ў выглядзе дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

19 траўня судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда пакінула прысуд без змены. Ён увайшоў у законную сілу.

Асуджаны — дырэктар фірмы ў Кобрыне, раней судзімы не быў.

belapan.by