Жыхарка Баранавіч на рынку ўвалілася ў каналізацыйны калодзеж



Да трагедыі, на шчасце, не дайшло. Але да яе было недалёка. На тэрыторыі Кааператыўнага рынку ў Баранавічах адміністрацыя спачатку наглуха замуравала люкі для сцёку вады. А пасля таго, як у час ападкаў рынак амаль не патанаў у вадзе, нічога лепшага не прыдумалі, як люкі прыадчыніць, – расказала мясцовая жыхарка Людміла Станкевіч:

– Нейкая бляха ляжала зверху на калодзежы, яна перавярнулася і я паляцела ў гэты люк. Зачапілася локцямі. Уяўляеце, я дарослы чалавек і атрымала такія траўмы. У мяне яшчэ і зараз круціцца галава. Я атрымала такі моцны стрэс, што нават нейкі час страціла прытомнасць. Я магла б разбіцца на смерць. А калі на маім месцы было дзіця?

Жанчыне выклікалі хуткую дапамогу, завезлі ў бальніцу, дзе яна прайшла абследаванне. Абыйшлося без сур’ёзных пашкоджанняў. Але Людміла Станкевіч мае намер правесці судова-медычную экспертызу і звярнуцца ў суд.

Беларускае Радыё Рацыя