Жыхароў Ваўкавыска не пусцілі на сустрэчу з Вашчыкоўскім



Падчас наведвання  міністрам замежных спраў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім Ваўкавыска, мясцовыя ўлады не дазволілі прадстаўнікам польскай меншасці прысутнічаць на сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства суседняй краіны, якая адбывалася ў польскай школе.

ministar14

Дырэкцыя навучальнай установы абгрунтавала інцыдэнт існаваннем адмысловых спісаў з райвыканкама, якія акрэсліваюць персанальна запрошаных гасцей. Абураныя жыхары бачаць у такіх дзеяннях зневажанне як сябе, так і міністра замежных спраў Польшчы:

– Пасьпелі толькі прывітацца з ім, і ён адразу зайшоў у школу. Нас туды не пусцілі, бо нас у спіску не было.

– Польскія падаткаплацельшчыкі зрабілі такую прыгожую школу, а бацькоў туды пускаць не жадаюць!

– Такая важная асоба прыехала паглядзець на нашую “задрыпаную” школу. Мы таксама хацелі трапіць на канцэрт – мая дачка там выступала, але мне сказалі, што зайсці туды я не магу. Ніхто пра гэты прыезд не гаварыў. Прыехала КДБ, такі ажыятаж пачаўся.

– У Ваўкавыску чакалі прыезду Вашчыкоўскага, я спяшаўся, але ў школу мяне не пусцілі.

Ваўкавыск стаў апошнім горадам, які падчас свайго афіцыйнага візыта ў Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Тут ягоная сям’я пражывала да 1945 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыск