Жыхары дома выплочваюць чужыя даўгі



Праваахоўныя і кантралюючыя ўстановы Гародні не рэагуюць на шматлікія скаргі жыхароў дома №46 б па вуліцы Таўлая, якія доўгі час вымушаныя аплочваць камунальныя паслугі крамы, што належыць фірме “Алікантамаркет”.

alikante1

Кіраўнік сеткі крамаў Віталь Пляга не разлічваецца з таварыствам уласнікаў, а скаргі ў пракутаратуру, аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і гарвыканкам застаюцца незадаволенымі. Запазычанасць “Алікантамаркет” перавышае 100 мільёнаў рублёў, а жыхары дома штомесяц вымушаныя з уласнай кішэні плаціць прыкладна па 100 тысяч рублёў за пазыкі, якія не здзяйснялі. Старшыня таварыства ўласнікаў Іна Шкляр на працягу года спрабуе спагнаць грошы з фірмы “Алікантамаркет” і яе дырэктара Віталя Плягі, але безвынікова:

– Прайшла ўсе мясцовыя выканаўчыя органы, не магу нідзе нічога дабіцца. Хадзілі і да кіраўніка мясцовай адміністрацыі, які нам так нічога і не растлумачыў. Нашым пытаннем так ніхто і не займаўся.

Не выключана, што неплацежаздольнасць сеткі крамаў “Алікантамаркет” выклікана яе адмоўным фінансавым становішчам: пазыкі перавышаюць 18 мільярдаў рублёў, а з трох крамаў працуе толькі адна. Паводле беларускага заканадаўства, у адносінах да “Алікантамаркет” павінна разглядацца справа аб банкруцтве, але адпаведныя структуры пакуль не зацікавіліся дзейнасцю гэтай фірмы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня