Жыхары Гародні будуць адзначаць і Хэлоўін, і Дзяды



Большасць жыхароў Гародні будуць традыцыйна адзначаць у сваіх сем’ях Дзяды. А новая мода на свята, якое сягае каранямі ў традыцыі старажытных кельтаў – Хэлоўін, у горадзе над Нёманам асабліва не прыжылася.

Некалькі гадоў запар прадстаўнікі гарадзенскай інтэрнэт-супольнасці адзначалі Хэлоўн на закінутым старым млыне. Гарадзенскі тэатр лялек рабіў тэатралізаванае шоў.

Якія традыцыі святкавання захоўваюцца ў сем’ях жыхароўз Гародні? Апытанне на вуліцах горада:

—Традыцыя наведваць могілкі ў пачатку лістапада існуе па-за межамі мэйн-стрымаў і нейкіх там. Сярод перш за усё моладзі захапленьне гэтымі сучаснымі святамі, відаць, дайшло і да нас. Мая дачка школьніца якраз нядаўна абмяркоўвала: якім чынам гэта рабіць. Назваць гэта традыцыяй, безумоўна, нельга, бо гэта хутчэй нагода сустрэцца. Таму, можна сказаць, што гэта зусім іншае вымярэнне. Адно — традыцыя, а другое — чарговая праява масавай поп-культуры.

У маёй сям’і мы адзначаем менавіта Дзяды: ўзгадваем тых, хто быў з намі.

— Хэлоўін мы ўвогуле ніяк не адзначаем, а на Дзяды наведваем могілкі.

— Наша сям’я праваслаўная, мы — не католікі. Я лічу, што толькі каталікі адзначаюць Хэлоўін. А што тычыцца Дзядоў, дык гэта старадаўняе беларускае святы і мы ідзем на могілкі, дзе пахаваныя нашы прадзеды.   

Дзясятак гарадзенскіх клубаў актыўна прапагандуе свята Хэлоўін.

Прадстаўнікі праваслаўнай царквы выступілі рэзка супраць адзначэння гэтага мерапрыемства.

«Для людзей, якія лічаць сябе хрысціянамі, удзел у гэтым маскарадзе недапушчальны,» – выказаўся протаіерэй Георгій Рой, настаяцель Пакроўскага кафедральнага Сабора ў каментары аднаму з гарадзенскіх сайтаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня