Жыхары вёскі Спорава адбаранілі сваё возера



Жыхарам вёскі Спорава ў Бярозаўскім раёне ўдалося дабіцца скасавання арэнды на возера Спораўскае з арандатарам Анатолем Заблоцкім. Але гэта адбылося толькі пасля трэцяга па чарзе сходу ў верасні, на якім абмеркавалі зварот да Лукашэнкі. У звароце папярэдзілі аб няўдзеле ў выбарах, калі дамова арэнды не будзе скасавана.

Па словах намесніка старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянціна Лазарэнкава, які дапамагаў спараўцам вырашаць гэтае пытанне, Заблоцкага не толькі трэба пазбавіць арэнды, але і судзіць:

– Законы на гэтай тэрыторыі тычацца ўсіх грамадзян, усіх жыхароў Спорава і іншых суседніх вёсак, а ніяк не распаўсюджваюцца на аднаго Заблоцкага. Гэта пытанне ўзнікла і ніяк не вырашалася. Пытанне там не толькі ў самой арэндзе возера. Дакументы, якія ад пачатку былі падробленыя, сталі рэальнымі дакументамі і рэальна быў заключаны гэты кантракт.

Арандатар Анатоль Заблоцкі не толькі падрабіў дакументы на атрыманне арэнды, але знішчыў ахоўваемы дзяржавай археалагічны помнік – месца стаянкі неаліта, пабудаваў там катэдж. Для будоўлі кафэ знёс помнік ваенным падзеям Другой сусветнай вайны. Ствараў канфліктныя сітуацыі ў адносінах да мясцовага насельніцтва. І ўсё гэта з лёгкай рукі як мясцовай, так і раённай уладаў, кажа Валянцін Лазарэнкаў.

Беларускае Радыё Рацыя