Жыллё ёсць, а маладым спецыялістам яго не даюць



29 жніўня, у вёсцы Галынка Зэльвенскага раёна адбыўся агітацыйны пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.

Пад час пікету людзі знаёміліся з асобай кандыдата, многія пра яго ведаюць па ранейшых выбарах, іншыя — знаёміліся першы раз. Вяскоўцы не толькі цікавіліся кандыдатам у дэпутаты, але і самі распавядалі сябрам ініцыятыўнай групы пра свае праблемы і клопаты. Адны вяскоўцы распавядалі, што ў вёсцы за газ ім зімой прыйдзецца плаціць вялікія грошы, таму, мусіць, свае кватэры і хаты яны будуць ацяпляць, як і ў ХХ стагоддзі, дровамі. «Бо мой муж працуе ў калгасе з 8 гадзін да 20.00 і атрымлівае каля трох мільёнаў на старыя грошы, а я— адзін мільён трыста. Як пражыць і плаціць у вёсцы за газ, утрымліваць сям’ю?»—са слязьмі казала жанчына.

Іншыя жыхары Галынкі распавядалі пра тое, што ў вёску прыязджаюць працаваць маладыя спецыялісты, але папрацуюць тут пэўны час і едуць у іншыя месцы. «Так нядаўна здарылася з адным маладым настаўнікам, які нават жаніўся на мясцовай дзяўчыне. Прасіў, дайце жыллё якое-небудзь у вёсцы і я назаўсёды тут застануся. Не далі. Доктар малады прыехаў працаваць у амбулаторыю. Прасіў жыллё, не далі. З’ехаў. Дзіўна тое, што пустыя новыя дамы ёсць, а юнакам і дзяўчатам сельсавет іх не дае. Вось і пакідаюць вёску маладыя спецыялісты», — распавядалі вяскоўцы сябрам ініцыятыўнай групы.

Казалі людзі і пра выбары, што ніякіх выбараў не існуе. «Усе даўно выбраны, а гэта проста гульня», — з адчаем разважалі вяскоўцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён