Жывёлы ў Гародні пачалі вучыць беларусаў ангельскай мове



Гарадзенскі майстар фатаграфіі Наталля Бакей прадставіла навучальную фотасесію, у якой былыя наведнікі пункта часовага ўтрымання бадзяжных жывёл паўсталі ў ролі мадэляў.

Тэма праекта – папулярныя ангельскія ідыёмы, у якіх згадваюцца сабакі.

– Жывёлы, якія бралі ўдзел у гэтай фотасесіі, ужо знайшлі сваіх гаспадароў. І мэтай самога праекта было, каб жывёлы, якія яшчэ знаходзяцца ў пунктах часовага ўтрымання і прытулках, таксама знайшлі сваіх гаспадароў. Каб людзі прыходзілі, глядзелі на іх, выбіралі сабе хатняга ўлюбёнца.

Аўтарка праекта плануе размясціць гэтыя працы ва ўстановах, дзе праходзіць навучанне ангельскай мове. На думку фатографа, гэта палепшыць запамінальнасць саміх ідыёмаў, а таксама прыцягне дадатковую цікавасць да котак і сабак з пункта часовага ўтрымання.

Пункт часовага ўтрымання ў Гародні – гэта не прытулак. Па правілах, трымаць жывёлаў  даўжэй за пяць дзён тут нельга. Наталля Бакей заклікае ўсіх людзей, хто жадае завесці сабе сабаку ці котку, прыязджаць туды і выбраць сабе гадаванца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня