Зінаіда Бандарэнка: Я б не пайшла на такія „дыялогі”



Зінаіда Бандарэнка — Народная артыстка Беларусі, якая ў свой час працавала дыктарам на Беларускім тэлебачанні, выказала сваё стаўленне да „дыялога” на БТ з удзелам незалежных журналістаў.

DFDA170B-0970-4057-BF59-996CD7561170_mw1024_s_n

Нагадаем, не так даўно ў „Клуба рэдактараў” упершыню быў запрошаны рэдактар „Нашай Нівы” Андрэй Дынько. У эфіры адбылася жывая дыскусія.

„Праграма збудаваная такім чынам, што ўдзельнічаць у ёй цяжка, — выказаўся потым  Андрэй Дынько. — Сядзяць чатыры чалавекі з пэўнага лагера і адзін чалавек з незалежнага выдання. Праграма робіцца для таго, каб у такі хітры спосаб прыніжаць, уносіць раскол, дыскрэдытаваць недзяржаўныя выданні і апазіцыйных палітыкаў… Разам з тым, я лічу, што якімі б ні былі цяжкімі ўмовы для дыялогу, вельмі важна, што хаця б у нейкіх формах ён адбываецца”.

„Такое ўражанне, што чалавек выцер рукі аб абрус, яшчэ плюнуў у калідоры і сышоў”, — выказаўся ў адказ кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Зінаіда Бандарэнка: Шчыра кажучы, я сёняшняе БТ стараюся ўвогуле не глядзець. Калі збіраюцца ў тым жа „Клубе” дзяржаўныя рэдактары і абмяркоўваюць тое, што ім патрэбна, то гэта нясціпла і непрыгожа. Калі запрасілі на перадачу галоўнага рэдактара «Нашай Нівы», гэта, безумоўна, добра, але, па сутнасці, — усё роўна аднабаковая пазіцыя. Няхай паглядзяць, як праходзяць дыскусіі на тым жа ўкраінскім тэлебачанні. Там уся краіна ўключаецца ў спрэчку і дыскусію, гэта проста запальвае аўдыторыю. Людзі неабыякава адгукаюцца на розныя тэмы і праблемы, абмяркоўваюць… А ў нас дзяўбаюць адную і тую ж, сваю, абаронную пазіцыю. І апанент для іх — у першую чаргу прадстаўнік палітычнай апазіцыі, а не незалежны журналіст. Я проста спачуваю Дынько, што ён апынуўся ў такой сітуацыі.   

РР: Ці варта ўдзельнічаць у такіх перадачах?

Зінаіда Бандарэнка: Справа кожнага, але асабіста я не пайшла б. Тым больш, ведаючы характарыстыкі некаторых людзей, з якімі прыйдзецца весці дыялог. Іншая справа, што другога выхаду на эфір няма, а таму даводзіцца скарыстоўваць і такія моманты. Мне падаецца, што гэтыя запрашэнні — больш жаданне паказаць дэмакратызацыю ўлады. Маўляў, глядзіце, на тэлебачанні выступаюць людзі розных поглядаў. Але, калі вы запрашаеце, дык непатрэбна загадзя бачыць у чалавеку ворага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя