Змешчаны пад варту матацыкліст, які збіў дзяўчынку ў Гомелі



Матацыкліст, які здзейсніў наезд на дзіця ў Гомелі, змешчаны пад варту, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

1 траўня прыкладна ў 17.20 на вуліцы Дзяржынскага 30-гадовы матацыкліст на Honda CBR 1000F, не маючы права кіравання транспартнымі сродкамі, збіў 11-гадовую дзяўчынку. Яна пераходзіла дарогу па абазначаным дарожнымі знакамі і разметкай пешаходным пераходзе, вяла побач з сабой веласіпед. Дзіцяці прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні. У дачыненні да кіроўцы матацыкла распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Як паведаміла прадстаўнік УСК, матацыкліст раней 46 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку 44 разы — за парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту. У 2014 годзе ён на тры гады быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі за ваджэнне ў стане алкагольнага ап’янення. У 2013 годзе прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынства супраць уласнасці.

„Улічваючы асобу абвінавачанага, а таксама абставіны ДТЗ, следствам прымененая да яго мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з утрыманнем у СІЗА”, — адзначыла Крываногава.

У межах расследавання крымінальнай справы прызначаны шэраг экспертыз — судова-медыцынскіх, медыка-крыміналістычных і аўтатэхнічных. Праведзены следчы эксперымент. Следчае ўпраўленне УСК па Гомельскай вобласці дадаткова ўстанаўлівае відавочцаў ДТЗ. Следчыя просяць грамадзян, якія валодаюць значнай інфармацыяй аб здарэнні, паведаміць пра гэта па тэлефоне (80232) 70-45-49 або (8029) 667-60-52.