Зміцер Дашкевіч асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту (абноўлена)



Актывіста асудзілі па арт. 23.34, па артыкуле 17.1 суддзя прыняў рашэнне яго апраўдаць.

Сам Дашкевіч заявіў, што чакаў атрымаць больш. На волю актывіст выйдзе ў панядзелак, 13 сакавіка. ***

У Менску судзяць Змітра Дашкевіча. Суддзя адмовіўся весьці працэс па-беларуску, забараніў журналістам відэаздымкі і адмовіўся разглядаць відэазапіс затрымання.

Фота svaboda.org

Падтрымаць актывіста прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек, у тым ліку жонка — Наста Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, які сёння выйшаў з турмы пасля трох сутак арышту за абарону Курапатаў. А таксама паплечнікі-абаронцы Алесь Кіркевіч, Уладзь Яроменак, Вольга Мікалайчык і многія іншыя.

Фота twitter.com

Яго абвінавачваюць па пяці артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса, у тым ліку ў хуліганстве і парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах. Па пратаколах, Дашкевіч нібыта аказваў супраціў міліцыянтам пры затрыманні і залез на трактар падчас абароны Курапатаў. Таксама яго вінавацяць у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў – за выстаўленне намётаў на будаўнічай пляцоўцы, за пікетаванне і за мітынг у Курапатах.

* * *

Затрыманы лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч. Актывіста затрымалі ў жывым эфіры, калі ён вёў анлайн-трансляцыю ў Фэйсбуку. Дашкевіч ад раніцы бачыў, што за ім назіраюць так званыя “ціхары”. Вось апошні запіс, які трапіў у сацыяльную сетку:

На апошніх секундах трансляцыі да Дашкевіча падыйшлі невядомыя. Напрыканцы відэа чуваць, як жанчына кажа міліцыя. Пасля гэтага пачынаецца штурханіна і трансляцыя абрываецца.

Паводле жонкі маладафронтаўца – Насты Дашкевіч, затрыманне адбылося, калі Дашкевіч вяртаўся з цырымоніі падпісання звароту да ўладаў аб неабходнасці новага праекту ахоўных зонаў Курапатаў:

– На яго вялося паляванне з панядзелка. І сёння, калі ён выйшаў з пад’езда, пабачыў, што стаяць супрацоўнікі ў цывільным. Ён прыйшоў дахаты і вёў рэпартаж анлайн, каб людзі маглі пабачыць, што адбываецца. Мяркуем, што гэта помста за Курапаты і гэта не звязана з затрыманнямі напярэдадні “Маршу недармаедаў”.

Сведкам затрымання Дашкевіча стаў лідар Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Затрыманне адбывалася пад вокнамі дома палітыка:

– Чалавек, якоя я адразу не пазнаў, крычаў, што гэта бандыцкі напад. Звяртаўся да мінакоў, каб яго ратавалі, выклікалі міліцыю. Пасля, калі я прыгледзеўся і пачуў беларускую мову, то зразумеў, што гэта затрыманне Змітра Дашкевіча. Яно было брутальным. Зміцер да апошняга супраціўляўся і не даваў сябе зацягнуць у бус. Аднак сілы былі няроўныя, бо на яго напалі чатыры ці пяць чалавек, гэтыя людзі былі без апазнавальных знакаў.

Лідар Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч зняў момант затрымання: 

Вядома, што Змітра Дашкевіча вінавацяць у парушэнні чатырох артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу, у тым ліку ў супраціве міліцыі, а за ранейшыя акцыі ў Курапатах – за дробнае хуліганства і парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў судзе Савецкага раёна Менска. Там знаходзіцца і адвакат актывіста. Пра гэта напісала ў Фэйсбуку жонка затрыманага – Наста Дашкевіч. Паводле яе, Змітру прад’яўлены цэлы шэраг артыкулаў, адвакат пакуль яшчэ не азнаёміўся са справай.

У той жа час у Фэйсбуку лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч вядзе жывую трансляцыю з будынку суда, дзе журналістам атрымалася пагутарыць з Дашкевічам:

– Я расцэньваю гэта, як чарговую праяву, якая дэманструе бандыцкі, бесаўскі характар гэтай улады. Калі да мяне ёсць нейкія юрыдычныя афіцыйныя прэтэнзіі, то чаму нельга даць позву, чаму нельга прыйсці па форме сказаць, без ніякіх праблем? Ніхто ж не будзе хавацца, не збіраюся не з’язджаць, не эміграваць. Гэта можна патлумачыць толькі духовым чынам, бо лагічна, юрыдычна гэта не патлумачыш, для чаго такія дзеянні, навошта ім настройваць супраць сябе грамадскае меркаванне, гвалт нейкі чыніць на вуліцы. Гэта бесаўская ўлада, яна не можа па-іншаму, гэта яе сутнасць – у пад’ездзе ў ціхую накідвацца, як Сяргея Пальчэўскага затрымлівалі, альбо на мяне бандыцкім чынам.

Прыгадаем, што Зміцер Дашкевіч быў адным з ініцыятараў нядаўняй абароны Курапатаў, калі група актывістаў перашкодзіла будаўніцтву бізнес-цэнтру каля народнага мемарыялу.

Беларускае Радыё Рацыя