Зміцер Дашкевіч: Дзякуй, што не памачыліся



Зміцер Дашкевіч, затрыманы 7 лістапада падчас адкрыцця помніка Леніну ў Менску, выйшаў на волю каля 18-й гадзіны. Паводле словаў лідара „Маладога Фронта”, на яго склалі тры пратаколы: за „ўдзел у несанкцыянаванай акцыі”, за „хуліганства” і за „непадпарадкаванне міліцыі”. Таксама адразу пасля затрымання ён быў брутальна збіты супрацоўнікамі АМАПа.

6e374cb8-ec0d-4f4c-afc2-a0dacc591620_cx0_cy10_cw0_w987_r1_s_r1

Фота svaboda.org

Такіх паводзінаў АМАПа пры затрыманні я не памятаю даўно. Можа быць, нават, мяне ніколі так не мялі на падлозе буса, як мялі ў гэты святочны дзень 7 лістапада 2016 года. У прынцыпе, гэта заўсёдная практыка сілавікоў – як толькі цябе закідваюць у аўтобус, пачынаюць біць, бо пры журналістах на вачох усіх баяцца. А ў аўтобусе адрываюцца, хто як можа. Але гэтым разам пераўзышлі ўсё мной бачанае.

– Ты ведаеш, хто такі Ленін? – гаркнуў амапавец стоячы нада мной. – Гэта Сатана, – адказаў я з падлогі, – а вы, абаронцы ягоныя, дзеці Сатаны.

Гэта раз’юшыла і без таго раз’юшаных ліхадзеяў. Адзін зняў падгалоўнік з крэсла і пачаў малаціць мяне ім па галаве. Я падняў рукі і абараняўся, тады іншы ўчапіўся за мае рукі і разняў іх – каб я не мог прыкрываць галаву. Я пачаў маліцца. “Ісус Хрыстос бароніць мяне, а вы, дзеці Сатаны, сваё атрымаеце”. Пасля такога беснаватым сталася зусім кепска і тады адзін засунуў мне пальцы ў ноздры і задраў галаву, а другі тыкаў дубінкай у зубы і галасіў “Смакчы, падла, смакчы!” Супакойвацца пачалі толькі тады, як расквасілі дубінкай мне вусны і пусцілі кроў. Відаць, сакральнае кровапраліццё ніхто ў іх не адмяняў.

Можна было б наракаць, гляньце, маўляў, што робяць з іншадумцамі. Але, з іншага боку, мы бачым, што робяць “са звычайнымі” людзьмі – спраўляюць жывёльную патрэбу прама на галовы затрыманых. Дык мне можна яшчэ быць удзячным, што на мяне не памачыліся пасля ўсяго.

Мяне толькі іншае турбуе, як такія вычварэнцы працуюць у сілавых структурах? Мачыцца на голавы, з крыкам “на смакчы” тыкаць дубінку ў вусны – усё гэта з радаснымі і самазадаволенымі тварамі. Мо звярнуцца да пракуратуры, каб па ўсіх нераскрытых злачынствах сэксуальнага гвалту праверылі АМАП? Сыходзячы з сімптанамічных паводзінаў гэтых беснаватых абаронцаў Леніна, у нетрах гэтай сілавой структуры можна было б знайсці многія канцы нераскрытых сэксуальны х злачынстваў. Я ж пакуль магу сказаць толькі адно, дзякуй, што не памачыліся на мяне. А маглі ж.

На фота – адзін з вычварэнцаў, відаць той, які засоўваў мне пальцы ў ноздры. Заўтра задакумантаю гэтыя эпізоды і няхай ляжаць у архівах пракуратуры да лепшых дзён.

15027531_923869004409748_2326445814631903961_n

facebook.com/zm.dashkevich

Відэа belsat.eu