Зміцер Дашкевіч: Рэвалюцый не бывае на шкурніцкім падмурку



Скептычна ацэньвае шанцы паўплываць на ўлады і адмяніць дэкрэт на дармаедства праз сённяшні «Марш абураных беларусаў» лідар апазіцыйнага руху «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч. «Рэвалюцыі на шкурніцкім падмурку ў Беларусі – чакаць ня варта», – адзначае палітык.

– Шчыра сказаць, некаторыя такія ацэнкі, што тут ледзь не лёсавызначальнае мерапрыемства, рэвалюцыя нейкая пачнецца… я ніколі не вераў, што рэвалюцыя мажлівая на такім шкурніцкім падмурку, што людзі выйдуць бараніць страўнік свой. Ім кінуць заўтра костку, і ўсе будуць задаволеныя. Вельмі доўга беларуская апазіцыя разважала пра эканамічны катаклізм, які выведзе людзей на плошчы. Ну і што мы бачылі, калі рубель абвальваўся ў два і больш разоў? Хто выйшаў? У любой нармальнай краіне сотні тысяч адразу былі б на плошчы. Любы дэмакратычны ўрад пайшоў бы ў адстаўку з любым прэзідэнтам.

«Добра ўжо тое, што беларусы «партызанскімі метадамі» збайкатавалі аплату гэтага падатку, збіраюць подпісы за адмену дэкрэта Лукашэнкі. Але пытанне, наколькі «кухонная незадаволенасць» ператворыцца ў грамадскі ці палітычны пратэст, застаецца адкрытым», – дадае Зміцер Дашкевіч.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя