Зміцер Дашкевіч: За гадзіну — 25 подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг



Лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч распавёў пра тое, як праходзіць кампанія па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

1dashkevich-7qyu4

Нагадаем, што кампанія распачалася некалькі дзён таму. Подпісы збіраюцца не толькі праз Інтэрнэт, але і на пікетах у горадзе.

Зміцер Дашкевіч: Мы стаім у пераходзе на станцыі метро “Кастрычніцкая”, людзі ахвотна падыходзяць і ставяць подпісы. Зараз нават, здаецца, больш актыўна, чым у першыя дні. Прыкладна 25 подпісаў за гадзіну можна сабраць.

РР: Колькі ўжо сабралі, пачынаючы з 19 верасня?

Зміцер Дашкевіч: Пра колькасць пакуль не гаворым, бо ў нас не так шмат людзей задзейнічана на гэтую кампанію. Але ёсць такое меркаванне, што адзін чалавек за месяц лёгка можа назбіраць тысячу подпісаў. У залежнасці ад таго, колькі людзей будзе далучацца да акцыі, затым і агучым нейкія лічбы.

РР: А колькі подпісаў збіраецеся сабраць?

Зміцер Дашкевіч: Няма канкрэтнай мэты, бо проста разлічваем на станоўчыя вынікі. Гэта персанальная ініцыятыва, таму пабачым, што атрымаецца. Але акцыя працягнецца прыкладна месяц – да 19 кастрычніка. Пасля перададзім подпісы ў Міністэрства культуры, Акадэмію навук…

РР: І на якую рэакцыю разлічваеце?

Зміцер Дашкевіч: Калі шчыра, то асаблівых ілюзій не маем. Мы жывем у краіне, у якой бел-чырвона-белы сцяг некалькі гадоў быў дзяржаўным, а зараз лічыцца незарэгістраванай сімволікай. Гэта ганьба, якую нават цяжка ўявіць! Тым не менш, адбываюцца і некаторыя станоўчыя змены. Бачым, што за вышыванкі людзей ужо не хапаюць, «Пагоня» амаль легалізавана… Таму мажліва нехта прыме рашэнне і бел-чырвона-белы сцяг унесці ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці. Хаця галоўная сутнасць нашай ініцыятывы нават не ў гэтым. Многія людзі, і найперш моладзь, якая нічога не ведала пра існаванне бел-чырвона-белага сцяга, бо вырасла пад чырвона-зялёным, даведваюцца пра гістарычны сцяг і ставяць подпіс. Гэта самае важнае!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Наша Ніва